Чэмпіянат свету па хакеі 2016 для беларусаў ужо скончыўся. Адгуляўшы 17 мая апошні матч са зборнай Францыі, нашы ні з чым вяртаюцца дамоў.

Маладзечанка Юля Мароз распавядае, што адбывалася на трыбунах і ў горадзе, калі гуляла беларуская зборная.

Піцерцы прасілі гасцей чэмпіянату не з’язджаць

Сёлета 80-ы юбілейны чэмпіянат свету па хакеі праходзіць ад 6 да 22 мая ў Санкт-Пецярбургу і Маскве. Паколькі адборачныя матчы групы B, дзе гуляла наша зборная, праходзілі ў Піцеры, мы паехалі туды.

Як ні дзіўна, горад сустрэў добрым надвор’ем. Мясцовыя дзівіліся такой зацяжной цеплыні і жартавалі, што яе прывезлі госці чэмпіянату. Прасілі не з’язджаць.

Галоўныя падзеі праходзілі ў спарткомплексе “Юбілейны”,  але была яшчэ адна не менш важная пляцоўка: афіцыйная фанзона чэмпіянату па хакеі. Месцілася яна ў цэнтры горада на Канюшаннай плошчы. 

Аматараў хакея там чакалі гульні і забавы, конкурсы, павільёны спонсараў. Але сэрцам фанзоны быў вялікі экран, дзе паказвалі прамыя трансляцыі матчаў. Традыцыйна перад трансляцыяй праводзілі “Лайка-прагноз”. Памятаеце васьмінога Паўля, вядомага ўсяму свету сваёй здольнасцю адгадваць вынікі матчаў з удзелам футбольнай зборнай Германіі? Ну вось. Тут была лайка Байкал, якая з’яўляецца талісманам гэтага чэмпіянату.

Гледачы маглі сачыць за матчамі з трыбуны ці з любой кропкі фанзоны. Праўда, гульняў з удзелам беларусаў на Канюшаннай плошчы не паказвалі. Нашы балельшчыкі, натуральна, абураліся гэтым фактам.

З якіх гарадоў Беларусі ехалі на чэмпіянат

На пачатку чэмпіянату беларускіх заўзятараў было шмат.  Мільгалі гарады Рэчыца, Ліда, Смаргонь, Наваполацк, Мінск. Калі сустрэлі віляйчан, яны былі здзіўленыя не менш за нас. Здавалася, яны б больш спакойна ўспрынялі навіну пра тое, што падтрымаць Беларусь прыехалі жыхары Зімбабвэ.

Багата было фінскіх балельшчыкаў. Пра іх можна смела казаць, што гэта самая крэатыўная група падтрымкі. Столькі касцюмаў, колькі ў фінаў, не было ні ў каго. Фіны вельмі ўпэўненыя ў сваёй зборнай. Перад гульнёй з Канадай мы ім пажадалі поспеху, а яны адказалі: “Ён нам не трэба. Пажадайце канадцам. Ім спатрэбіцца”. І сапраўды, канадцы ў той дзень прапусцілі чатыры шайбы, а забіць не змаглі ніводнай.

А вось самая зладжаная і шчырая падтрымка была ў венграў.  Сапраўдны ўзор адносінаў паміж фанатамі і камандай. Яны з такой павагай і ўдзячнасцю ставіліся адзін да аднаго, што скарылі сэрцы ўсіх. Пасля кожнай гульні, нягледзячы на вынік, каманда паварочвалася да фанаў, і яны разам спявалі гімн. Пасля перамогі ў гульні з беларусамі трэнер разам з хакеістамі выйшлі да балельшчыкаў у фанзону. Заўзятары з Венгрыі казалі: “Мы вельмі рады, што наша зборная гуляе ў элітным дывізіёне. Для нашай каманды гэта ўжо адметна. Таму пры любым ліку матчаў, мы задаволены нашай камандай”.

Сэрцы беларусаў трапяталі пасля паядынку са славакамі і ў апошняй адборачнай гульні з французамі. Было зразумела, што зборная не трапляе ў чвэрцьфінал, але матч з камандай Францыі вырашаў наш лёс у дывізіёне мацнейшых. І беларускія балельшчыкі, можа, не такія ўжо ўзнёслыя, але ўсё яшчэ з верай у каманду, прыйшлі на трыбуны “Юбілейнага”. Тры шайбы ў варотах саперніка, вароты нашых пад надзейнай абаронай Коваля. “Эх… Так бы ўвесь чэмпіянат”, – уздыхалі фанаты.

Гэты чэмпіянат свету для нас атрымаўся не самы лепшы. Але мы ўсё яшчэ верым у каманду і жадаем поспеху ў кваліфікацыі на алімпіяду!

Юля Мароз, беларуская заўзятарка.