Выязное пасяджэнне суда Вілейскага раёна адбылося 28 красавіка ў Вілейскім дзяржаўным каледжы.

Суд разгледзеў крымінальную справу па абвінавачванні жыхара Даўгінава 1998 года нараджэння. Працуе ён у таварыстве “Даўгінава”, раней не судзімы.

Пачалося ўсё 11 снежня мінула года ў  Мінску. Каб набыць псіхатропнае рэчыва, хлопец на тэлефоне перапісваўся ў Інтэрнэце з неўстаноўленай асобай. Пералічыў на нумар электроннага кашалька EasyPay 250 тысяч рублёў. Потым ва ўмоўленым месцы набыў высушанае здробненае жоўта-карычневае рэчыва расліннага паходжання масай каля грама. Яно змяшчае ў сваім складзе асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва.

Рэчыва паклаў у кішэню курткі і ў той жа дзень прывёз туды, дзе жыў – у пакой інтэрната №1 вілейскага каледжа. Частку выкурыў, а астатнюю захоўваў у пакоі. Пакуль позна ўвечары рэчыва не знайшлі і не канфіскавалі праваахоўнікі.

– Хлопец сваю вінаватасць у здзяйсненні злачынства прызнаў цалкам, – кажа памочнік пракурора Вілейскага раёна Наталля Стрэж. –  Ён ведаў і ўсведамляў, што набывае, перавозіць і захоўвае “курыльную сумесь”, што яна з’яўляецца забароненым да абароту і аналагам асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва. У зробленым раскаяўся.

Дзеянні абвінавачанага кваліфікавалі як незаконныя без мэты збыту набыццё, перавозка і захоўванне псіхатропных рэчываў.  

Пры прызначэнні пакарання суд сярод іншага ўлічыў, што хлопец працуе, станоўча характарызуецца па месцы працы і здавальняюча па ранейшым месцы вучобы, чыстасардэчна раскаяўся. А таксама – што злачынства ён здзейсніў у непаўнагадовым узросце.

Суд прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін адзін год восем месяцаў з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

– Неабходна адзначыць, што санкцыя часткі першай артыкула 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці год або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці год, – дадае Наталля Стрэж.