Каля 23 гадзін 19 мая кіроўца аўтамабіля “Мазда”, які рухаўся з боку Мінска па трасе Мінск-Маладзечна, не паспеў заўважыць лася, які раптоўна выскачыў на дарогу.

Ад удару жывёла загінула.

Пра здарэнне расказаў намеснік начальніка Маладзечанскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Пётр Цывілька.

– Кіроўца расказаў, што ён ехаў з дапушчальнай хуткасцю, калі жывёла выскачыла на дарогу, не паспеў зрэагаваць. Машына пацярпела не моцна: разбітае шкло і памяты бок.

Кіроўца шкоду навакольнаму асяроддзю выплачваць не будзе.

– Таму што там не стаіць знака, які папярэджвае пра дзікіх жывёл, – тлумачыць Пётр Цывілька. – Інакш кіроўца быў бы абавязаны выплаціць 300 базавых велічынь, а сёння гэта 63 мільёны. Плюс кошт самой жывёлы, якая разлічваецца ў залежнасці ад полу і ўзросту жывёліны. Пры гэтым і самому кіроўцу страхоўку не выплацяць.

Пётр Цывілька просіць кіроўцаў быць уважлівымі на гэтым участку дарогі, паблізу Крыніцы.

– Там месціцца Маладзечанская паляўнічая гаспадарка, непадалёк пераход жывёл, таму такія выпадкі, калі жывёла можа выскачыць на дарогу, могуць здарацца.

А няшчаснага лася, збітага ў чацвер, перададуць на мясакамбінат.