Пасля праведзенай праверкі 8 чэрвеня ўзбудзілі крымінальную справу за крадзеж у дачыненні да 33-гадовай жыхаркі Вілейкі.

 Здарэнне адбылося ўдзень 24 мая. Кампанія адпачывала са спіртным у кватэры дома па вуліцы 1 Мая.

Жанчына пайшла адтуль, але заўважыла, што забылася сумку. Папрасіла знаёмага схадзіць за ёй, а сама чакала на лаве на вуліцы.  Той пераблытаў і прынёс чужую сумку. Аднак жанчына залезла ў сярэдзіну і выняла з кашалька мільён рублёў. Сказала мужчыну, каб чужую сумку аднёс назад, а прынёс яе.  

Гаспадыня заўважыла знікненне грошай і паведаміла ў міліцыю. Калі віляйчанку адшукалі, частку грошай яна паспела ўжо прагуляць. Пра гэта расказаў старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Вілейскага РАУС Аляксандр Ардзяка.