Да нас у рэдакцыю звярнулася супрацоўніца расійскай будаўнічай фірмы “СЕЗАМ”, прадстаўніцтва якой у Беларусі працуе на будаўніцтве атамнай электрастанцыі, з абурэннем наконт таго, што не атрымала заробак яшчэ за сакавік.

Вольга расказала, што яна і яшчэ каля 20 чалавек штодзень ездзяць на працу з Ашмянаў.

– Уладкавалася на фірму ў мінулым годзе. Праблемы з заробкам былі і тады. Заробак за чэрвень я атрымала толькі ў верасні.

Сёлета за сакавік і красавік Вольга атрымала заробак толькі 26 мая.

– Нам выплацілі 2,4 мільёна за два месяцы. А ў кантракце прапісана, што заробак у месяц – 10-12 000 расійскіх рублёў (прыкладна 3, 5 мільёна). І выплачвацца ён павінен два разы на месяц.

Дырэктар прадстаўніцтва фірмы ў Беларусі Аляксандр Перлінаў пракаментаваў, што такая сітуацыя на фірме склалася з-за таго, што ў Расіі былі доўгія выхадныя на майскія святы.

– Як толькі на рахунак фірмы паступяць сродкі, мы тут жа разлічымся з работнікамі. Самае позняе гэта адбу¬дзецца 15 чэрвеня, – запэўніў Аляксандр Перлінаў.