Здарэнне адбылося непадалёк ад вёскі Дамашы 16 ліпеня.

24-гадовая маладзечанка ехала на аўтамабілі “Нісан-Прымера” з боку вёскі Лебедзева ў Маладзечна.

Раптам ля вёскі Дамашы яна адчула, што машыну пачынае трэсці і кідаць у бакі.

Кіроўца спынілася і заўважыла, што… у яе няма пярэдняга левага кола.

А на невялікай адлегласці на ўзбочыне дарогі стаіць аўтамабіль “Альфа-Рамэа” і міргае аварыйнай сігналізацыяй.

Як потым тлумачыў кіроўца аўтамабіля “Альфа-Рамэа” супрацоўнікам ДАІ:

– Еду я ў бок Смаргоні, нікога не чапаю. Раптам у машыны, з якой я размінаўся ў той момант, адскоквае кола і коціцца на маю машыну.  Я, канешне, затармазіў, але кола паспела памяць і падрапаць машыну.

Дзяўчына-кіроўца заплаціла штраф 10 рублёў 50 капеек за тое, што не праверыла перад выездам тэхнічны стан свайго аўтамабіля.

Пра гэта “Рэгіянальнай газеце” расказаў інспектар Маладзечанскай ДАІ Сяргей Бартош.