Раніцай 15 жніўня на Вілейскім вадасховішчы заўважылі браканьера, які здымае сеткі.

Брыгада Мядзельскай міжраённай станцыі аховы жывёльнага і расліннага свету выехала на месца і паспрабавала затрымаць парушальніка.

Аднак браканьер уцёк на машыне з месца здарэння. На беразе ён пакінуў сеткі з рыбай.

Па словах начальніка станцыі Валерыя Кляноўскага, у сетках былі ляшчы і платва. Урон, нанесены навакольнаму асяроддзю, склаў 3 тысячы 864 рублі (38 мільёнаў 640 тысяч). Гэта 184 базавыя велічыні. Урон перавышае 100 базавых велічынь, значыць парушальніка прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

На месцы працавала следча-аператыўная група.