Маленькая дзяўчынка на плячах выпускніка і шчымлівыя вершы першакласнікаў. Гэта, напэўна, своеасаблівая візітоўка Дня ведаў. А якія “фішкі” прапануюць на 1 верасня вучням? Пра гэта мы даведаліся ў школах рэгіёна.

  • У Вілейскай гімназіі “Логас” на лінейцы нагадаюць пра юбілей. У верасні гімназіі – 25 год. А яшчэ ў неба паляцяць паветраныя шары-смайлы.
  • Маладзечанская школа №1 мае свае “першавераснёвыя фішкі”. Напрацягу пяці год тут супрацоўнічаюць з атрадам МНС. 1 верасня на школьным стадыёне пажарнікі пакажуць дзецям сваю тэхніку і дазволяць прымерыць пажарныя касцюмы. Лінейка закончыцца школьным гімнам “Мы – дзеці Рагнеды, нашчадкі – Купалы”. Першакласнікаў запросяць на экскурсіі ў школьны музей баявой славы “Подзвіг” і ў Купалаўскі пакой.
  • Вучні Валожынскай  школы №2 у пачатку дня атрымаюць буклеты “Наша бяспека” і наведаюць вайсковую часць.
  • У школу вёскі Залессе, што на Смаргоншчыне, прыйдзе святар.
  • У Ашмянскай школе № 3 першы ўрок дзеці правядуць не ў класе, а ў гарадской бібліятэцы.
  • Паказальнае выступленне пагранічнікаў з сабакамі – такая “фішка” чакае дзяцей у Варнянскай школе на Астравеччыне. А яшчэ першы ўрок там зладзяць вайскоўцы. Вядома, з дапамогай настаўнікаў.
  • Пяцікласнікі Мядзельскай гімназіі-інтэрната 1 верасня ля школьнага ўваходу ўбачаць вялікі банэр са сваімі тварамі. Такі сюрпрыз рыхтуюць дзецям супрацоўнікі гімназіі.