Не так даўно ў Маладзечне каля Палаца культуры адкрылі сквер, які ўпрыгожылі скульптуры з камянёў.
І вось краязнаўцы заўважылі, што пад пастамент адной са скульптур узялі камень-следавік.
Насупраць цэнтральнай бібліятэкі размясцілася скульптура “Фрагмент” аўтарства Вадзіма Мацкевіча. Вадзім Мацкевіч вядомы маладзечанцам сваёй скульптурай “Пасажырка”, што сустракае ўсіх на чыгуначным вакзале.
Дык вось калі паглядзець на пастамент да скульптуры, то можна ўбачыць “слядочак”.
Такія камяні навукоўцы называюць “следавікі”.
З такімі камянямі звязана шмат паданняў, містычных гісторый.
Краязнаўца з Вілейкі Аляксандр Зайцаў расказаў “Рэгіянальнай газеце”, што ён здзіўлены, што такі камень знайшоўся ў Маладзечне.
– Справа ў тым, што на Маладзечаншыне не знойдзена ні адной старажытнай стаянкі людзей. Тут з аднаго боку былі лясы, з другога – балоты, з трэцяга – горы. І ніводнага каменя са слядамі дзейнасці чалавека да гэтага не было.
Лічыцца, што сляды на камені магла пакінуць тая ці іншая звышнатуральная асоба, часцей чорт. Таму такія камяні і называюць чортавымі.
Аднак пазней сталі лічыць, што такі след магла пакінуць божая маці. Самы вядомы такі камень-следавік знаходзіцца ў Жыровічах.
– Самая распаўсюджаная легенда, звязаная са следавікамі, расказвае Аляксандр Зайцаў, – што пры дапамозе гэтага каменя можна выклікаць дождж.
Іншыя паданні гавораць, што таго, хто зрушыць камень-следавік з месца, чакаюць непрыемнасці. Але шматлікія паданні кажуць і пра тое, што ў следавіка можна папрасіць здароўя, удачы ў справах.
Сам скульптар Вадзім Мацкевіч сцвярджае, што не сустракаўся ні з чым містычным, калі працаваў з гэтым каменем.
– Я бачыў, што гэта “ўстаўка” ў форме слядочка з каменя іншай пароды. Але нейкага асаблівага значэння гэтаму не надаваў. Ды і бралі ўсе скульптары камяні для працы з аднаго і таго ж кар’ера пад Маладзечнам. А калі казаць пра містычныя гісторыі, то ў мяне якраз такая здарылася з “Пасажыркай”. Правобразам пасажыркі стала дзяўчына майго сябра Надзея. І вось калі скульптуру ўсталявалі ў горадзе, сапраўдная Надзя раптам збірае чамадан і, не тлумачачы нічога майму сябру, з’язджае на цягніку ў Маскву.
Некаторыя даследчыкі сцвярджалі, што калі фатаграфавалі камень, у іх пераставала працаваць тэхніка. Іншыя мінакі, якіх давялося сустрэць у скверы, прызнаваліся, што тут адчуваюць сябе няёмка, адсюль хочацца хутчэй сысці.
А яшчэ ў маладзечанцаў з’явілася месца, дзе можна загадаць жаданне, папрасіць удачы. Але на ўсякі выпадак, лепш камень з месца не ссоўваць.
• Текст доступен на языке: Русский