Свой куточак – мара любой сям’і. Аднак ці рэальна цяпер яго самастойна купіць у рэгіёне? Колькі каштуе квадратны метр? Чаму Маладзечна – лідар у краіне па цэнах на нерухомасць? Адказы шукаем разам.

 

Як адзначае ўласнік і дырэктар рыэлтарскага агенцтва ў Маладзечне Маргарыта Баканоўская (Сушко), новае жыллё ў Маладзечне каштуе 1338,6 рублёў (690 долараў) за квадратны метр. Аднак, калі грошы выплачваць не адразу, а да канца будаўніцтва, цана павышаецца да 1358 рублёў (700 долараў). Усё залежыць ад таго, на які тэрмін вы бераце растэрміноўку на выплату грошай. Чым большы час на выплату, тым вышэйшая цана.

Хочаце прадаць кватэру даражэй – рабіце якасны рамонт

Фота u-dom-anapa.ru.

Фота u-dom-anapa.ru.

– Цяпер у Маладзечне будуюць два новыя дамы: па вуліцы Машэрава і каля гандлёва-эканамічнага каледжа, – расказвае Маргарыта Баканоў­ская. – Большасць кватэр ужо купленыя. У першую чаргу набывалі двух- і трохпакаёвыя. Адметнасць новага жылля ў тым, што ў ім палепшаная планіроўка, павялічаны метраж. Купіўшы двухпакаёвую кватэру, гаспадары могуць зрабіць з яе трохпакаёвую альбо з дапамогай дызайнераў раздзяліць так, каб кожны член сям’і адчуваў сябе ўтульна.

Налета ў Маладзечне плануюць пабудаваць восем шматкватэрных дамоў, як мінімум два – па дзяржзаказе, паведаміў намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Вадзім Цар.

Патрыманае жыллё каштуе 1164 рублі (600 долараў) за квадратны метр, калі кватэра без рамонту. Чым лепшая, тым даражэйшая.

– Даражэйшыя кватэры з добрым рамонтам і ў цэнтры, – заўважае спецыяліст агенцтва нерухомасці. – Аднак гэта не значыць, што паклеіў шпалеры, паставіў вокны пвх і рамонт скончаны. Добрым рамонтам лічыцца, калі ў кватэры якасна разве­дзеная электрыка, стаіць бойлер, умацаваныя трубы ацяплення, новая сантэхніка, замененыя вокны і дзверы, на сценах добрая плітка, выраўненыя сцены, ацэньваецца, наколькі якасны рамонт.

Чатырохпакаёвыя кватэры цяпер нявыгадныя

Калі адна- і двухпакаёвыя кватэры заўсёды карысталіся попытам, то  чатырохпакаёвыя – цяпер небюджэтна. Асабліва калі наступае ацяпляльны перыяд і калі  ніхто не прапісаны.

– У асноўным такія варыянты набываюць шматдзетныя сем’і, – распавядае Маргарыта. – Праз гадоў дзесяць кватэры зноў з’яўляюцца на рынку нерухомасці. Дзеці вырастаюць, бацькі набываюць меншае жыллё, за выручаныя грошы купляюць маёмасць дзецям. Многія шматдзетныя сем’і набываюць прыватныя дамы – так больш магчымасцяў. Па-першае, ёсць участак, на якім дзеці могуць гуляць. Па-другое, дом можна забудоўваць уверх, каб усім хапала месца. У мужчын больш магчымасцяў рэалізавацца як гаспадару.

Сярэдняя цана дома без выгодаў – 29 100 рублёў (15 тысяч долараў). Сярэдняя цана дома з выгодамі – 48 500 рублёў (25 тысяч долараў). На цану дома ўплываюць розныя паказчыкі: месца размяшчэння, плошча ўчастка, камунікацыі, рамонт, пабудовы і іншыя.

Фота gazeta-sviblovo.ru.

Фота gazeta-sviblovo.ru.

– Чаму ў Маладзечне цэны трымаюцца на ўзроўні мінскіх?

– У Мінску цэны змяншаліся паступова, – адзначае Маргарыта Баканоўская. – Нават сёлета да чэрвеня яны знізіліся на 16%.  Таму паніжэнне не было такім балючым. У Маладзечне цэны абваліліся раптоўна з сярэдзіны снежня і да сакавіка на 30-40%. Зразумела, што людзі былі ў шоку.  Калі некалькі месяцаў таму яны набывалі аднапакаёўку па 73 720 – 75 660 рублёў (38–39 тысяч долараў), то сёння такую ж самую маглі купіць за 44 620 – 46 560 рублёў (23–24 тысячы долараў).

Нават і цяпер людзі, якія не датычыліся продажу нерухомасці, стараюцца прадаць жыллё па-ранейшых цэнах, а гэта ўжо параўнальна з Мінскам. Але трэба раўняцца на сённяшнюю рэальнасць, а яна дыктуе іншыя цэны. Няма сэнсу прадаваць кватэру па завышанай цане, бо сустрэчная прапанова ніжэйшая па коштах.

Фота forbes.kz.

Фота forbes.kz.

– Што паўплывала на тое, што цэны на нерухомасць пачалі зніжацца?

– Эканамічная і фінансавая сітуацыі, павелічэнне курсу долара; войны ў краінах, якія знаходзяцца побач з Беларуссю, – расказвае спецыяліст. – Раней некаторыя людзі набывалі маёмасць для перапродажу. Калі цэны дасягнулі піку, пачалі прадаваць нерухомасць. Але колькасць прапаноў перавысіла попыт. У выніку рынак нерухомасці “прасеў”.

Фота loscedrosci.com.

Фота loscedrosci.com.

– Паводле статыстыкі, самае дарагое жыллё  ў Мінску, Салігорску, Гродне і ў Мала­дзечне. З чым звязана, што Маладзечна ў пяцёрцы?

– Маладзечна ніколі не было горадам з таннай нерухомасцю. У горадзе вельмі добрае транспартнае размяшчэнне: 60 кіламетраў да Мінска, 120 кіламетраў да Вільні. Як часам жартуюць мае знаёмыя, у Літву можна ездзіць па хлеб. Мала­дзечна – прыгожы і дагледжаны горад, асабліва ён пахарашэў пасля “Дажынак”. Ёсць вядомыя ў краіне адукацыйныя ўстановы: музычны каледж імя Агінскага, політэхнічны, гандлёва-эканамічны і медыцынскі каледжы. Створаныя ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва і павышэння культуры гараджан. Дадае статусу і тое, што сёлета Мала­дзечна – культурная сталіца. Усё гэта ўплывае на цану нерухомасці.

Фота spimoveismg.com.

Фота spimoveismg.com.

 

– Ці вырастуць цэны на жыллё?

– Цяжка спрагназаваць, бо ўплываюць шматлікія паказчыкі. Часам цэны будуць стаяць на месцы, часам паднімацца, – разважае Маргарыта Баканоўская. – Аднак пад’ёму цэн да ранейшага ўзроўню не бу­дзе. Ранейшага абвалу таксама не прагназуем. З часу падзення цэны на маёмасць да канца лета павялічыліся на 0,3%.

Факты пра нерухомасць у Маладзечне

Фота remont-na-urovne.ru.

Фота remont-na-urovne.ru.

  • Не асаблівым попытам карыстаюцца кватэры па вуліцах Лясная і Моладзевая. Таму ніжэйшыя цэны.
  • Набываюць часцей за ўсё кватэры ў цэнтры: на вуліцах Міру, Скарыны, Вялікім Гасцінцы. Нерухомасць  тут адрознівае сярэдняя цана, сярэдняя якасць, сярэдні ўзрост.
  • Кватэры без выгодаў пераважна набываюць маладыя сем’і, як стартавы капітал, паступова абуладкоўваюць, збіраюць грошы на лепшы варыянт, альбо людзі сталага ўзросту.
  • Высокія паверхі не карыстаюцца асаблівым попытам – трэба высока паднімацца.
  • Раней першыя паверхі былі таннейшыя. Цяпер прадаюцца лепш, чым на апошнім.  У далейшым іх можна перарабіць пад магазіны.
  • Дамы карыстаюцца попытам вясной, кватэры набываюць незалежна ад пары года. Такую тэндэнцыю заўважыла спецыяліст рыэлтарскага агенцтва. Зазначыла, што бывае перыяд, калі і дамы, і кватэры набываюць у роўнай колькасці.

Як рухаюцца чэргі

У 2014 годзе “РГ” пісала, якія чэргі на жыллё ў рэгіёне. Тады на Маладзечаншчыне хацелі палепшыць жыллёвыя ўмовы 24 467 чалавек. За два гады чарга стала на 11 084 чалавекі меншай.  Чаму яна настолькі паменшылася, высветлім у наступным нумары.

– Сёлета на 9 верасня жыллё атрымалі 156 чалавек, – адзначае начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Маладзечанскага райвыканкама Сяргей Бохан. – Да канца года палепшаць жыллёвыя ўмовы 260 чалавек.

На Мядзельшчыне ў 2014 годзе на чарзе былі 1415 чалавек. Чарга скарацілася на 205 чалавек.

Паводле дадзеных Астравецкага райвыканкама, цяпер у чарзе – 603 чалавекі. Гэта на 417 меней, чым два гады таму. А вось у Ашмянскім раёне чарга паменела на 451 чалавека.

Чэргі на паляпшэнне жыллёвых умоў

Раён Чарга па раёне Горад Сельская мясцовасць
Астравецкі 603 (дадзеныя за 03.05.2016 паводле сайта Астравецкага райвыканкама)
Ашмянскі 1032 (дадзеныя за 1.05.2016 паводле сайта Ашмянскага райвыканкама)
Маладзечанскі 13 383 11 618 1 765
Мядзельскі 1 210 334 876

Бацькі атрымалі кватэру праз 23 гады, мы ў чарзе – 10 255

У сям’і маладзечанкі Валянціны Бажэлкі чатыры чалавекі: яна, муж і двое дзяцей. У чаргу на паляпшэнне жылля сталі 26 верасня 2014 года.

– Даведацца, якія мы ў чарзе, па інтэрнэце не можам, няма такой інфармацыі, – расказвае жанчына. – Аднак такія звесткі можна атрымаць па тэлефонах, і то ў пэўныя дні. На 1 верасня 2016 года мы былі ў чарзе 10 255-я.

Як мяркуе жанчына, іх чарга прыйдзе не хутка, хаця фінансава яны б маглі будаваць кватэру з улікам ільготнага 90% крэдыту.

– Будаваць альбо набываць жыллё без ільготнага крэдыту цяпер  складана – высокая крэдытная стаўка, – заўважае Валянціна. – Пакуль жывём у свекрыві, збіраем грошы на ўласнае жыллё.

Бацькі Валянціны стаялі ў чарзе з 1988 года. Праз 23 гады, у 2011 го­дзе, атрымалі кватэру.

• Текст доступен на языке: Русский