Публікацыя “Рэгіянальнай газеты” ў нумары 38 ад 16 верасня “У судзе чатыры гадзіны абмяркоўвалі кірзавыя боты” атрымала водгук у нашых чытачоў.

Начальнік Маладзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Дзяніс Томашаў даслаў ліст пра тое, як гэта справа выглядае з пункту погляду заканадаўства і інспекцыі працы. 

“Інспекцыя працы не праводзіць экспертызу, а праводзіць спецрасследаванне і складае заключэнне, якое падпісвае дзяржаўны інспектар працы – дзяржаўны служачы, які надзелены паўнамоцтвамі дзяржавы на выкананне свайго прафесійнага абавязку і з’яўляецца спецыялістам у гэтай сферы.

Хачу адзначыць, што абмеркаванне кірзавых ботаў праводзілася не чатыры гадзіны, а на працягу шасці судовых пасяджэнняў цягам месяца.

Жанчына не папрасіла кампенсаваць ёй 320 мільёнаў рублёў.  Да­дзеная выплата ёй належыць па законе, бо гэта прапісана ў калектыўнай дамове арганізацыі, згодна з якой кіраўнік арганізацыі і прафсаюзны камітэт ад асобы работнікаў прынялі адпаведны дакумент і абавязаліся яго выконваць.

Да вашага ведама, у асобных выпадках наймальнік мае права з дазволу тэрытарыяльнага органа дзяржаўнага санітарнага нагляду і дзяржаўнага інспектара працы і па ўзгадненні з прафсаюзам або iншым упаўнаважаным прадстаўніком работнікаў замяняць адзін від сродкаў індывідуальнай абароны іншым з раўнацэннымі або больш высокімі ахоўнымі ўласцівасцямі і гігіенічнымі характарыстыкамі.

Напрыклад, камбінезон баваўняны можна замяніць касцюмам баваўняным ці халатам, чаравікі скураныя – гумовымі ботамі, валёнкі – кірзавымі ботамі і наадварот.

Дык вось, не высмейваць трэба ў дадзеным выпадку боты кірзавыя, як не эстэтычны і не модны для сучасных жанчын абутак, а рабіць акцэнт на тое, што з боку наймальніка не выкананыя яго прамыя і непасрэдныя абавязкі. Гэта пытанне можна было даўно ўжо ўзгадніць: купіць і забяспечыць кантралёраў водаправоднай гаспадаркі сучасным абуткам з раўназначнымі ахоўнымі ўласцівасцямі.

А так атрымліваецца, што наймальнік парушае заканадаўства і вы гэта выгароджваеце, а над законам і дзяржавай смеяцеся, распаўсюджваючы дадзеным артыкулам упэўненасць у беспакаранасці наймальнікаў Мінскага рэгіёна.

Вось неяк так. Дзякуй. З павагай Ваш пастаянны чытач Томашаў  Д.М.”.