Згодна дырэктывы Еўрасаюза магазіны бяспошліннага гандлю з 1 студзеня 2017 года на знешніх межах ЕС застануцца толькі ў аэрапортах.

Крамы бяспошліннага гандлю ў літоўскіх пунктах пропуску ў 2017 годзе могуць спыніць сваю працу, піша са спасылкай на мытную службу Літвы газета “Вячэрні Гродна”.

Ужо дакладна вядома, што з 1 студзеня спыняе сваю працу крама Duty free ў пункце пропуску “Райгардас  – Прывалка”. Гэтую інфармацыю журналістам выдання пацвердзіла начальнік аддзела камунікацый мытнай службы Літвы Генрыка Рукшінэне. Яна патлумачыла, што забарона бяспошліннага гандлю ў наземных пунктах пропуску выкліканы дырэктывай Еўрасаюза. Паводле новага дакумента, Duty free застануцца толькі ў аэрапортах.

Такім чынам, наведаць магазін бяспошліннага гандлю, вяртаючыся з Літвы ці Польшчы ў Беларусь, з наступнага года хутчэй за ўсё стане немагчыма.