Маладзечанская міліцыя, прыво­дзячы лічбы і статыстыку, пераконвае гаспадароў садовых участкаў быць пільнымі.

У апошні час колькасць крадзяжоў з дачных дамоў павялічылася, прычым, зладзеі крадуць прадукты харчавання.

Трэцяга кастрычніка у садовым таварыстве “Зялёныя агні”, што непадалёк ад Пралесак, невядомы разбіў акно ў доме і скраў 1,5 літра самаробнага соку і бутэльку шампанскага.

16 кастрычніка ў іншым садовым таварыстве паблізу Пралесак невядомы скраў з дома дзве ўпакоўкі чаю.

Гэтыя два крадзяжы дадаліся да 70 іншых, якія адбыліся ад сту­дзеня да верасня.

На тэрыторыі якіх   сельсаветаў у садовых таварыствах крадуць больш за ўсё? Аказалася, што лі­дзіруюць у  гэтым спісе таварыствы Красненскага сельвыканкама. Там сёлета ўчынілі 29 кра­дзяжоў.

У садовых таварыствах Радашкавіцкага сельвыканкама – 19 крадзяжоў. У таварыствах Алёхнавіцкага сельвыканкама – 17.

Спосабы крадзяжоў, як адзначаюць у міліцыі, не арыгінальныя.

У 23 выпадках зламыснікі наўпрост разбівалі шыбы ў вокнах і такім чынам траплялі ў дом. Восем крадзяжоў адбылося з-за таго, што зламыснікі зламалі замок або адціснулі шклопакет. Дзевяць – з-за таго, што вынялі аконную раму. Але 10 кра­дзяжоў учынілі таму, што вокны або дзверы былі адчыненыя. І зламыснікі без перашкодаў траплялі ў дамы.

Як жа засцерагчы сябе ад крадзяжоў з дач у зімовы перыяд?

Адзін з самых надзейных спосабаў, тлумачаць у Маладзечанскім РАУС, гэта заключыць дагавор з падраздзяленнем Дэпартамента аховы. Або можна арганізаваць дружыну з тых, хто ўваходзіць у садовае таварыства. Аднак, прызнаюцца міліцыянеры, хаця яны і не раз выступалі з падобнымі прапановамі, толькі водгуку так і не знайшлі.

Таму рэкамендацыі носяць практычны характар: замяніце замкі ў дзвярах на больш надзейныя, па магчымасці на вокны ўстанавіце рашоткі. Яшчэ адна парада: перад тым, як з’ехаць з дачы, завесьце вокны шторамі, не пакідайце там каштоўныя рэчы. Тым больш не пакідайце іх навідавоку.

А  тым, хто нячысты на руку, маладзечанская міліцыя нагадвае, што за крадзяжы прадугледжаная як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць.