Двух жыхароў Вілейскага раёна падазраюць у махлярстве.

Па дадзеных следства, 19-гадовы жыхар Вілейскага раёна і 17-гадовы навучэнец каледжа завалодалі маёмасцю 74-гадовай жыхаркі вёскі Нароча Вілейскага раёна.

– У першы раз фігуранты зайшлі ў дом пажылой жанчыны з мэтай куплі алкагольных напояў, – паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог. – У наступным маладыя людзі скарысталіся даверлівасцю пацярпелай і прадставіліся супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Пры гэтым яны інсцэніравалі ператрус. У выніку яго пераканалі пацярпелую перадаць ім 150 рублёў пад маркай спрыяльнага вырашэння пытання аб непрыцягненні гаспадыні да адміністрацыйнай адказнасці за незаконны продаж алкагольных напояў уласнай вытворчасці.

Падазраваныя знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Крымінальную справу за махлярства, здзейсненае паўторна, групай асобаў расследуе Вілейскі раённы аддзел Следчага камітэта. У ходзе следства дадуць канчатковую ацэнку проціпраўным дзеянням маладзёнаў.