Здарэнне адбылося 10 лістапада ў адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Валожынскага раёна. 

Палявод прадпрыемства, 22-гадовы маладзён захацеў выпіць. У сваю кампанію падбіў вартаўніка таго ж прадпрыемства, 26-гадова хлопца.

Як і бывае, спіртное хутка скончылася. Грошай яшчэ на адну бутэльку не было. Тады палявод стаў угаворваць вартаўніка прадаць штосьці з маёмасці СПК.

Вартаўнік наадрэз адмовіўся. Тады, пахадзіўшы па тэрыторыі комплексу, палявод збіў замок з аднаго памяшкання і скраў адтуль пяць мяхоў замяняльніка цэльнага малака.

Тут жа, ноччу, знайшоў, каму іх прадаць.

А вартаўнік, які толькі праз некаторы час рабіў абыход, заўважыў, што з памяшкання сарваны замок, выклікаў міліцыю.

– Скрадзены корм вернуты гаспадарам, каровы без абеда не застануцца, а супраць палявода ўзбуджаная крымінальная справа, – падсумавала следчая Валожынскага РАСК Дар’я Мікуліч.