Падчас праверкі “Маладзечнаводаканала” дзяржкантроль знайшоў выпадкі неэфектыўнага выкарыстання дзяржаўнай маёмасці і сродкаў бюджэту.

Не выканалі праграму “Чыстая вада” – з 16 аб’ектаў закончаныя толькі восем. А пабудову чатырох яшчэ і не пачыналі. Не завяршылі будаўніцтва на двух аб’ектах, а па яшчэ двух выканалі толькі праектна-даследчыя работы. Гэта прывяло да неэфектыўнага выкарыстання 49,5 тысячы дэмінаваных рублёў з абласнога бюджэту.

Дагэтуль незапатрабаваныя пяць праектаў па будаўніцтве і рэканструкцыі сетак каналізацыі і водазабеспячэння. Іх вырабілі па заказе прадпрыемства ў 2011-2015 гадах за 19,4 тысячы рублёў.

Цягам 2013–2015 гадоў прадпрыемства не ў поўным аб’ёме выконвала паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Па дадзеных прадпрыемства, летась выканалі ўсе пяць даведзеных паказчыкаў. Але праверка заўважыла завышэнні. Пасля выпраўлення высветлілася, што паказчык па энергазберажэнні фактычна не зроблены.

Пры разліку экалагічнага падатку за скід сцёкавых вод у 2013-2015 гадах арганізацыя не ўлічыла аб’ёмы вады на тэхналагічныя і гаспадарча-пітныя патрэбы па раёне. З-за гэтага яны недаплацілі ў бюджэт 22,3 тысячы рублёў экалагічнага падатку.

Знайшлі таксама парушэнні парадку вя­дзення бухгалтарскага ўліку. Напрыклад, занізілі прыбытак ад рэалізацыі і чысты прыбытак на 38,8 тысячы рублёў.

Па выніках праверкі прадпрыемству зменшылі льготу па экалагічным падатку на 45 тысяч рублёў, далічылі ў бюджэт 38 тысяч рублёў падаткаў. Таксама далічылі работнікам даплату за працу ў шкодных умовах, утрымалі сумы залішне налічаных прэмій.

Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі 22 чалавекі, да адміністрацыйнай – пяцярых на суму 1,1 тысячу рублёў. З прадпрыемства спагналі 10,3 тысячы.

Матэрыялы праверкі перадалі праваахоўным органам для дачы прававой ацэнкі.