Агучаны мячык для гульні. Прамавугольная тэнісная ракетка. І поўная цішыня ў зале. Гэта шоўдаўн, або настольны тэніс для невідушчых.

На прадпрыемстве “Энва” таварыскія сустрэчы па шоўдаўне ладзяць ужо другі раз. Сёлета ў спаборніцтвах удзельнічаюць 11 мужчын і 6 жанчын. Гэта спартсмены з Віцебска, Брэста, Гродна, Слуцка, Мінска, Маладзечна. Такая сустрэча – адно з мерапрыемстваў, што праводзяць у рамках акцыі “Чалавек з белым кійком”.

Супрацоўніца “Энвы” Алена Звяркова пачала займацца шоўдаўнам два гады таму, калі на прадпрыемстве з’явілася спецыяльнае абсталяванне для гульні. А гэта тэнісны стол, падобны да маленькай хакейнай пляцоўкі, з дзвюма “лункамі”, куды забіваюць галы. Таксама патрэбны агучаны мяч, пальчаткі і акуляры. Пальчаткі для таго, каб не пашкодзіць рукі.

Акуляры – каб усе гульцы былі ў роўных умовах. Справа ў тым, што шоўдаўн гуляюць як зусім невідушчыя людзі, так і тыя, хто мае дрэнны зрок. Таму каб ніхто нічога не бачыў, усе надзяваюць цёмныя акуляры, якія не прасвечваюцца.

Адразу, прызнаецца Алена, у гульні мала што было зразумела. Але паступова жанчына захапілася. Цяпер не губляе магчымасці патрэніравацца пасля працы і ў час абедзеннага перапынку. На прадпрыемстве са спартсменамі займаецца трэнер Аляксей Філіпаў.

– На сваім досведзе ведаю, што калі спрабуеш як-небудзь падгледзець праз акуляры, то гульня звычайна не атрымліваецца, – прызнаецца Алена.

Жанчына лічыць, што шоўдаўн – магчымаць для невідушчых людзей адчуць азарт і выказаць свае эмоцыі.  Гульня – рухомая, актыўная. І што вельмі важна, спрыяе рэабілітацыі невідушчых людзей і тых, хто мае праблемы са зрокам.

 У гульцоў развіваецца слых, бо, каб адбіць мяч, яго трэба пачуць. Паляпшаецца каардынацыя рухаў, маторыка.

Па словах Алены, тут усё, як у спорце. Часам такія жарсці на спаборніцтвах бываюць, быццам на алімпіядзе.

А вось зазятарам ніякіх эмоцый праяўляць не дазваляюць. У зале, дзе гуляюць у шоўдаўн, павінна быць цішыня. Староннія гукі могуць нашкодзіць гульцам.

У час сэтаў і суддзі маўчаць. Нават трэнер амаль не размаўляе з гульцамі. Ён карыстаецца толькі свістком. Напрыклад, калі трэнер свісне два разы, значыць некаму забілі гол. Усе бурныя пачуцці можна выказаць паміж сэтамі.

У апошні час да гульні далучылася шмат маладых людзей. Хто раз-другі паспрабаваў шоўдаўн, звычайна не могуць адмовіцца ад яго.

Фота Аксаны Ярашонак.

Фота Аксаны Ярашонак.

На “Энву” прыводзяць і дзяцей з праблемамі зроку. Тут для іх ладзяць майстар-класы. Спачатку дзеці назіраюць за гульнёй, потым слухаюць правілы. А пасля спрабуюць гуляць.

 Даведка “РГ”

Шоўдаўн – настольны тэніс для невідушчых і людзей з парушэннямі зроку.

Годам стварэння новай гульні лічыцца 1960-ы. Тады калі канадцы Джо Люіс і Патрык Ёрк прыдумалі спартыўную гульню, у якую маглі б самастойна гуляць невідушчыя людзі і тыя, якія дрэнна бачаць.

Яны напісалі правілы гульні і распрацавалі неабходнае абсталяванне. Першым міжнародным поспехам шоўдаўна стаў яго дэбют як рэкрэацыйнага віду спорту падчас Паралімпійскіх гульняў 1980 года.

У Беларусі пачаў развівацца некалькі год таму.