Дзве жанчыны сябравалі шмат гадоў. Адна да адной хадзілі ў госці, маглі застацца пажыць пару дзён, давяралі сакрэты адна адной, ведалі, дзе што захоўваецца ў кватэры, пакуль аднойчы…

У адным з пахмурных дзён лістапада дзве сяброўкі вырашылі правесці вечар за размовамі ды за шклянкай сагравальных напояў.

У гэты ж вечар да гаспадыні дома завітаў знаёмы. Ён прыйшоў  вярнуць ранейшы доўг гаспадыні ў памеры 50 рублёў.

Гаспадыня прыхавала  гэтыя грошы ў слоік з гарбатай. І вярнулася да сяброўкі працягваць вечар.

Чаму раптам сяброўка, калі гаспадыня пайшла спаць, вырашыла ўзяць гэтыя грошы, невядома. Але як толькі ў доме пагасла святло, сяброўка ўзяла грошы са слоіка і пайшла з кватэры.

Раніцай гаспадыня не знайшла ні грошай. Ні сяброўкі. Выклікала міліцыю.

Цяпер жанчыне пагражае турэмнае зняволенне, а гаспадыня дома прызналася следчым:

– Ды не грошай мне шкада, і не за гэта прашу пакараць, а за парушанае сяброўства і за расчараванне ў блізкім чалавеку.

Гэту гісторыю “Рэгіянальнай газеце” расказала  следчая Валожынскага РАСК Юлія Селятыцкая