Судовае пасяджэнне па разглядзе грамадзянскай справы па іску Алега Папчэні ў інтарэсах непаўнагадовай дачкі Вікторыі Папчэні працягнулася 6 снежня.

Бацька загінулай васьмікласніцы дамагаецца, каб суд устанавіў факт працоўных адносінаў паміж Вікторыяй і ААТ “Усход-Агра”.

Суддзя Ігар Гарановіч, сакратар Вольга Жук, пракурор Вольга Кашко. Ісцец Алег Папчэня, яго прадстаўнік – Андрэй Стрыжак.

Падчас пасяджэння суддзя спытаўся ў дырэктара школы №11 Аляксандра Люльковіча, якая яго пазіцыя па справе. Ён адказаў, што давярае меркаванню суда. На пытанне “Ці было накіраванне вучаніцы ў рамках акцыі “Дапамажы сабраць ураджай?” дырэктар адказаў станоўча. І дадаў:

“Аднак я лічу, што на бульбу павінны накіроўваць дзяцей з 14 гадоў. Акцыя была ў плане выхаваўчых работ”.

У заяве суда ад 1 лістапада Алег Папчэня ўказаў, што яго дачка 20 верасня фактычна дапушчаная адказчыкам да выканання сельскагаспадарчых работ па ўборцы бульбы. З ёй адбыўся няшчасны выпадак, у выніку якога яна загінула пад коламі грузавіка, які належыць адказчыку.

Ісцец прасіў устанавіць факт працоўных адносінаў паміж яго дачкой і ААТ “Усход-Агра”. Устанаўленне гэтага факта неабходна для правядзення спецыяльнага расследавання, устанаўлення асоб, вінаватых у тым, што адбылося. 

Суд палічыў неабходным прыцягнуць па справе ў якасці суадказчыкаў аддзел адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама і Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы.

Са статуса трэціх асоб яны сталі адказчыкамі, якім адразу было толькі таварыства “Усход-Агра”. Прадстаўнікі арганізацый не пярэчылі і заявілі, што ў гэтым пытанні давяраюць рашэнню суда.

Цяпер Алег Папчэня можа заяўляць патрабаванне правесці спецрасследаванне ад адказчыка. Ён паведаміў суду, што жадае заявіць гэтае патрабаванне.

Суд прызначыў наступнае пасяджэнне на 9 снежня на 11:30.