12 снежня вакаліста і заснавальніка маладзечанскага рэгі-гурта Botanic Project Кліма Малажавага Маладзечанскі раённы суд прыгаварыў да 9 гадоў зняволення ў у калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго абвінавацілі ў незаконным абарачэнні наркотыкаў.


Пра гэта паведаміў вакаліст гурта Андрэй Багамолаў, які прысутнічаў на ўсіх шасці пасяджэннях суда.

– Справа вялася практычна са слоў аднаго чалавека, галоўнага сведкі супраць Кліма – знакамітага беларускага музыкі Косці Гарачага. Пракурор адразу запрасіў дзевяць гадоў узмоцненага рэжыму. Чамусьці ў працэсе не быў устаноўлены геном, у тэлефонных размовах не вялася гутарка пра набыццё. То бок уся справа была выбудавана на словах аднаго чалавека. Як не круці, дзевяць гадоў – гэта многа.

Асуджаныя таксама і двое сяброў Кліма: Косця Гарачы атрымаў тры гады ўмоўна, а дызайнер гурта Сазонаў два гады “хіміі”.

Кліма Малажавага затрымалі 27 ліпеня. Таму да свайго 10-годдзя гурт выпусціў свой новы альбом без яго ўдзелу.

Таксама Botanic Project запісаў песню “А хто там ідзе?” на верш Янкі Купалы 1905-1907 гадоў і музыку песні “Exodus” славутага ямайскага рэгі-спевака Боба Марлі.

Падрабязнасці чытайце ў свежым нумары “РГ”.