Здарэнне адбылося 22 снежня ў вёсцы Узбалаць. Там, цягам ужо 10 год, жыў 68-гатовы мужчына.

На выхадныя да яго прыязджалі жонка і сын, калі ў таго быў выхадны.

Так, 21 снежня, сын прыехаў да бацькі, яны вечарам прапалілі лазню. Памыліся і перад сном селі глядзець тэлевізар.

Раптам у хаце знікла святло. Мужчыны падумалі, што гэта з-за надвор’я і ляглі спаць.

А праз некаторы час сусед таксама заўважыў, што знікла святло. І ў гэты ж момант пачуў, што на вуліцы нешта моцна страляе.

Першая думка была, што дзеці ўзрываюць петарды, але вырашаў выйсці праверыць, ці не гарыць што, бо і на страляніну шыферу гук таксама быў падобны.

Выйшаў у двор і ўбачыў, што гараж суседа гарыць адкрытым полымем. А побач у вальеры брэша, аж заліваецца, сабака.

Сусед выпусціў сабаку і зразумеў, што суседзі, пэўна спяць, і пра гэта не ведаюць.

Стаў грукацца ў шыбы.

Выклікалі пажарных.

Бачачы, што гараж і маёмасць у ім выратаваць не ўдасца, сусед і гаспадар дома стаялі ўбаку ля плота.

Раптам 68-гадоваму мужчыну стала блага, ён упаў. Хуткая, што прыехала на месца здарэння, канстатавала смерць.

Пра гэты выпадак “Рэгіянальнай газеце” расказала следчая Валожынскага РАСК Дар’я  Мікуліч.

– Пажар здарыўся, хутчэй за ўсё, праз няспраўную электраправодку ці кароткае замыканне. А вось ці стала прычынай смерці тое, што сэрца мужчына не вытрымала гэтага стрэсу, скажа экспертыза.