Пачалося другое судовае пасяджэнне над кіроўцам, які насмерць пераехаў школьніцу на бульбе.

Нагадаем, што 21 снежня суд выдаліўся для падрыхтоўкі да судовых  спрэчак.

11:00. Пачалося судовае пасяджэнне. Выступае пракурор і дзяржаўны абвінаваўца.

Паводле іх слоў, кіроўца абавязаны быў папрасіць кагосьці дапамагаць яму рухацца заднім ходам.

Кіроўцу прызнаюць вінаватым у парушэнні правілаў дарожнага руху.

Пракурор просіць, каб яму абмежавалі свабоду на тры гады, з адбыццём пакарання ва ўстанове адкрытага тыпу і на пяць гадоў пазбавілі права кіраваць машынай. Гаворыць, што яго не трэба ізаляваць ад грамадства.

Маці Вікторыі Папчэні Юлія спадзяецца на высокі суд. Нічога не аспрэчвае.

11:12. Выступае абарона. Пачынае са спачування бацькам. Яе здзівілі два фактары. Па-першае, што абвінавачаны Павел Цыбін па сутнасці таксама падлетак, якога дарослыя людзі прызначылі кіраваць вялікай машынай, сказалі, што можаш ехаць, і не прапанавалі дапамогу.

Таксама абаронца ўзрушаная паводзінамі сведкі, які сам кіроўцв з 40-гадовым стажам. Ён бачыў, як дзяўчынка ішла каля машыны, і думаў, паспее адысціся яна ці не.

Гаворыць пра тое, дзе ў час здарэння былі настаўнікі, якія павінны былі быць побач з дзецьмі, “як курыцы з куранятамі”.

Абаронца сведчыць пра тое, што глыбіня віны абвінавачанага Цыбіна не 100-працэнтная.

Лічыць, што Павел Цыбін сваімі паводзінамі пасля здарэння выправіўся: дапамог бацькам і раскайваецца.

11:15. Абаронца просіць пакінуць хлопца на рабоце, аднак прызначыць на іншую пасаду, не ізаляваць ад грамадста, просіць не накіроўваць яго ў выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу.

11:17. Абвінавачаны Павел Цыбін просіць яго строга не караць, гаворыць пра тое, што яго віну не загладзіць, аднак ён вельмі раскайваецца.

11:18. Рашэнне суда будзе абвешчанае сёння, 23 снежня, у 15:30.