Калі верыць усходняму календару, сімвалам 2017 года стане Чырвоны Вогненны Певень.

Якім будзе новы год, мы яшчэ не ведаем. Затое, прыгадаўшы гісторыю рэгіёна, можам сказаць, што прыносіў нам Певень у іншыя гады.

1909

Па словах старшага навуковага супрацоўніка Вілейскага краязнаўчага музея Вольгі Коласавай, год Землянога Жоўтага Пеўня быў у нашым рэгіёне даволі спакойным. У Вілейцы і іншых гарадах Павілля пачало з’яўляцца больш мураваных будынкаў.

Мікалаеўскі касцёл у Свіры на Мядзельшчыне. Фота svirsky.ru.

Мікалаеўскі касцёл у Свіры на Мядзельшчыне. Фота svirsky.ru.

У Вільні адбылася першая сустрэча актрысы і настаўніцы Паўліны Мядзёлкі з Мя­дзельшчыны і паэта Янкі Купалы.

У Свіры на Мядзельшчыне перабудавалі Мікалаеўскі касцёл.

Па меркаваннях навукоўцаў, у Астравец Земляны Жоўты Певень прынёс землятрус у сем балаў.

1921

У год Металічнага Белага Пеўня ўвесь рэгіён, паводле Рыжскага мірнага дагавора, адышоў да Польшчы.

Былая польская гімназія імя Генрыха Сянкевіча ў Вілейцы. Фота Аксаны Ярашонак.

Былая польская гімназія імя Генрыха Сянкевіча ў Вілейцы. Фота Аксаны Ярашонак.

У гарадах з’яўляюцца вуліцы 3 Мая (Дзень Канстытуцыі), Юзафа Пілсудскага. У Вілейцы пачынае працаваць польская гімназія імя Генрыха Сянкевіча. Будынак гімназіі захаваўся да нашага часу. Сёння там месціцца Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

1933

Ці думаў Прэзідэнт Польшчы Ігнацій Масціцкі пра тое, што 1933 год – гэта год Вадзянога Чорнага Пеўня, невядома. Але ў Вілейку і ў Ілью ён прыехаў менавіта тады.

Прэзідэнт Польшчы Ігнацій Масціцкі (першы злева) на абедзе ў пана Тукалы ў Асцюковічах. 1933 год. Фота radzima.org.

Прэзідэнт Польшчы Ігнацій Масціцкі (першы злева) на абедзе ў пана Тукалы ў Асцюковічах. 1933 год. Фота radzima.org.

Прыехаў на адкрыццё помніка-капліцы паўстанцам 1863 – 1864 гадоў, што загінулі ля вёскі Уладыкі. Масціцкага сфатаграфаваў вілейскі фатограф Берка Берман. За што ў 1939 годзе яго арыштавалі савецкія ўлады: у фотамайстэрні Бермана вісеў партрэт Масціцкага. Помнік не захаваўся. У 1950-я гады яго разбурылі.

1933 год. Адкрыццё помніка паўстанцам 1863-1864 гадоў у Ільі на Вілейшчыне. Фота radzima.org.

1933 год. Адкрыццё помніка паўстанцам 1863-1864 гадоў у Ільі на Вілейшчыне. Фота radzima.org.

У гэтым жа годзе ў Баярах на Ільяншчыне нарадзіўся паэт член Саюза пісьменнікаў БССР Іван Лашутка.

1945

Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне прынёс Сіне-Зялёны Драўляны Певень.

Рэгіён, разбураны ў вайну, адбудоўваюць.

У Вілейцы прынялі рашэнне пра будаўніцтва сярэдняй школы на 400 чалавек, пачалі выдаваць вілейскую раённую газету.

У 1945 годзе выйшла кніга След бліскавіцы паэта з Мядзельшчыны Максіма Танка. Фота padabayki.na.by.

У 1945 годзе выйшла кніга След бліскавіцы паэта з Мядзельшчыны Максіма Танка. Фота padabayki.na.by.

У Мядзеле запрацавала раённая бальніца на 25 ложкаў.

Выйшла кніга паэта з Мядзельшчыны Максіма Танка “След бліскавіцы”.

Старыя дакументы зафіксавалі ў гэтым годзе вялікі дэфіцыт солі. Бандыты, якія ў гэты час абрабавалі рыбны завод, скралі ўсю вэнджаную рыбу і соль.

У Астраўцы адчынілі райпрамкамбінат і дрэваапрацоўчае прадпрыемства, у Ашмянах – педвучылішча.

1957

Сімвалам года, як і надыходзячага, быў Чырвоны Вогненны Певень. У рэгіёне стала менш раёнаў. Бо да Вілейскага далучылі Ільянскі.

Сельгастэхнікум у Ільі прыняў першых навучэнцаў.

1969

У год Землянога Жоўтага Пеўня на Мядзельшчыне адкрылі дзіцячы рэспубліканскі лагер “Зубраня” і музей народнай славы.

Лагер Зубраня адчыніўся ў 1969 годзе. Фота Solvex.

Лагер Зубраня адчыніўся ў 1969 годзе. Фота Solvex.

1981

У год Металічнага Белага Пеўня Вілейскі малаказавод пераехаў у новы будынак,  дзе працуе да сённяшняга дня.

Археолаг Міхаіл Ткачоў знайшоў месца, дзе знаходзіўся старажытны горад Мядзел на востраве возера Мястра.

1993

У гэтым годзе Певень быў Вадзяным і Чорным. Што ён прынёс у рэгіён? Новую экспазіцыю вілейскаму краязнаўчаму музею, дзе з’явіліся раздзелы “Час”, “Вытокі”, “Вілія”.

У Астраўцы правялі даследаванне, паводле якога пляцоўку для будаўніцтва атамнай электрастанцыі аб’явілі неспрыяльнай.

2005

Гэты год адзначыўся здымкамі фільма “Апошні браняпоезд” з акцёрам Андрэем Паніным. Кадры здымаліся ля чыгуначнага моста праз Вілію. А ў “Рэгіянальнай газеце” з’явілася інтэрв’ю з Паніным.

Андрэй Панін на здымках фільма ля Вілейкі. 2005 год. Фота з архіва РГ.

Андрэй Панін на здымках фільма ля Вілейкі. 2005 год. Фота з архіва РГ.

У вілейскім парку дэмантавалі кола агляду.

А ў Мядзеле прайшоў музычны фестываль “Адна зямля”.