У нашумелы дэкрэт аб дармаедстве ўнесеныя змены, са спіса выкраслілі тых, хто не павінны плаціць падаткі. Аднак па-ранейшаму застаюцца некаторыя пытанні.

У рэдакцыю звярнулася маладзечанка. Дачка яе ўжо 17 гадоў жыве і працуе за мяжой, аднак прапісаная ў Мінску. На гэты адрас і прыйшоў ліст, у якім указана, каб жанчына заплаціла падатак на дармаедства.

– Цяпер жыву, як на парахавой бочцы, – дзеліцца жанчына. – Сын таксама з’ехаў за мяжу і ўжо некалькі гадоў жыве там. А я з дня на дзень чакаю падобнага ліста.

Маладзечанка цікавіцца, што рабіць у гэтым выпадку, ці трэба плаціць падатак.

– Падатак плаціць не трэба, – адзначае першы намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Маладзечанскім раёне Павел Губко. – Галоўнае, прадставіць дакументы, што чалавек сапраўды жыве за мяжой. Гэта можа быць копія пашпарта, дзе пазначана, што гэта грамадзянін іншай краіны; даведка з установы, дзе навучаўся, з месца працы. Прынесці неабходныя дакументы трэба па месцы прапіскі. Зрабіць гэта могуць сваякі.