Калі чытаеш прапановы па развіцці каманды “Вілія” ад простага заўзятара і футбаліста каманды з Куранца Яўгена Сабінскага, сапраўды пачынаеш верыць, што развіццё каманды – гэта справа яе заў­зятараў.

Яўген, можна сказаць, нарадзіўся футбалістам.

– Мой бацька іграў за каманду з Куранца. Але каманда распалася, калі мне было дзевяць гадоў. А цяпер, калі падрос, з’явілася адчуванне, што магу дапамагчы камандзе. Крыўдна, што футбол не развіваецца.

Для газеты Яўген падрыхтаваў прапановы, дзе выказаў свае меркаванні наконт развіцця футбола.

“Хочаш гуляць у футбол – шукай грошы. Яны вырашаюць многае. Відавочна, у “Віліі” грошай няма. Няма зусім. Што казаць, калі ў па­чатку мінулага сезона галоўным мецэнатам каманды стаў звычайны чалавек, які дапамог купіць мячы і буцы. У некаторых гарадах грашовае пытанне вырашаюць з дапамогай прадпрыемстваў. Жодзіну дапамагае “БелАЗ”, Салігорску –“Беларуськалій”, Гарадзеі – цукровы камбінат.

У Вілейкі быў “Зеніт”, камандзе дапамагалі “Буддэталі”, пасля прадпрымальнік Пётр Губіч, але цяпер спадзявацца на буйныя ўліванні наіўна. Таму збіраць трэба па крупінках. Што хоча спонсар узамен на інвестыцыі? Два варыянты: або аддачы грошай, або славы. Пра зварот грошай казаць не даводзіцца. Нават калі Вілейка праз дзесяць гадоў будзе гуляць у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі (фантастыка, ці не праўда?), чакаць столькі не захоча ні адзін бізнесмен. Слава? Гэта іншая справа. Але я назваў бы гэта пазнавальнасцю.

На вілейскім стадыёне няма ніводнага рэкламнага шчыта. Ніхто не задумваўся, чаму? Зразумела, што на трыбунах мы не знойдзем патэнцыйных буйных заказчыкаў “Зеніта” або “Буддэталяў”.  Затое знойдзем тых, хто цікавіцца спортам (вось прапанова для фітнес-клубаў). Тых, хто карыстаецца паслугамі і купляе тавары ў вілейскіх прадпрымальнікаў.

Прадпрымальнікі мяне спытаюць: колькі  чалавек наведвае футбол? 200-300? Прыкладна так. Нягуста, адкажуць. Але слухайце: а цяпер той самы час, каб выбіраць? Што ж, значыць, вы вельмі багатыя людзі. Ёсць адзін прыклад: у мінулым годзе ў Куранцы праходзіў турнір “Футбольны Спас”, на які мы запрашалі выязны гандаль. У выніку, выязны гандаль за нейкія там пару гадзін зарабіў больш за пяць мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

Яшчэ пытанне: хто-небудзь бачыў афішы аб тым, што павінны адбыцца матчы ў горадзе? Іх няма. Ні яркіх вялікіх, ні чорна-белых фармату А4. Проста няма. Добра, ёсць сацыяльныя сеткі, дзе заўзятары абмяркоўваюць гульні і ведаюць, калі наступны матч.

Як вырашыць праблему? Размяшчаць аб’явы, афішы па ўсім горадзе, каб людзі ведалі, што нешта грандыёзнае праходзіць на стадыёне. З гэтага ўзнікае пытанне, адкуль браць грошы на друк аб’яў, калі на ўдзел у турніры сабраць грошы цяжка?

 Адразу ж адказ – у Вілейцы ёсць некалькі фірмаў, якія аказваюць паслугі друку, капіравання, сканавання. Ёсць друк – ёсць ваша рэклама на стадыёне. І ў сацсетках.

Дапусцім, што рэклама дапамагла, людзі пайшлі на стадыён, што далей? А далей ужо ідзе тэма пра тое, як утрымаць людзей на стадыёне. Футбол як спартыў­ная з’ява – гэта добра.

Але, паверце, матчы хакейнага “Дынама” на “Мінск-Арэне” збіраюць дзясяткі тысяч людзей не таму. З іх палова паняцця не мае, на якім там месцы знаходзіцца клуб. Людзі ідуць на падзею, на шоу, калі хочаце.

У ідэале: ёсць матч, а ёсць і перапынак. Гэты час для конкурсаў, для розыгрышаў прызоў, для шоу. Хтосьці з заў­зятараў удзельнічае ў серыі пенальці, нехта здагадаўся, хто заб’е першы гол у сезоне і  атрымаў за гэта прыз або зніжку, а нехта падсілкоўваецца чабурэкамі і асвяжаецца напоямі.

– Я ўпэўнены, што калі рэалізаваць хаця б частку ад прапанаванага вышэй, можна ўжо вясной збіраць на стадыёне па 500-700 чалавек.

Нехта мяне папракне самым галоўным пытаннем: а хто ўсім гэтым будзе займацца? Пытанне, што называецца, пад дых. І ёсць два варыянты.

Першы: на старце павінны дапамагчы мясцовыя ўлады. Яны могуць зарадзіць і гандаль, і з анонсамі матчаў дапамагчы, і з гукавым суправаджэннем. Хоць бы табло паставіць. Калі завесці пускавы рухавік, то і асноўны закруціцца.

Другі варыянт: рабіць усё самім. Каму самім? А ўсім нам. Ёсць у футбольнай гісторыі краіны унікальны прыклад –каманда “Крумкачы”. Энтузіязм на першым этапе і народная падтрымка зрабілі сваю справу. Клуб гуляе ў вышэйшай лізе.

Яўген упэўнены, што “Вілія”, ды і любая каманда, можа паўтарыць поспех “Крумкачоў”.

– Можна, вядома, ся­дзець на беразе “Віліі” і чакаць, куды цябе вынесе плынь. А можна зрабіць нешта самім.

Даведка “РГ”: Яўген Сабінскі. Нарадзіўся ў 1999 годзе ў аграгарадку Куранец. З дзяцінства актыўна займаўся спортам: настольным тэнісам, гандболам, футболам. У 2016 годзе скончыў Куранецкую сярэднюю школу. Цяпер студэнт першага курса факультэта фізічнага выхавання БДПУ імя Максіма Танка. Адміністратар заў­зятараў ФК “Куранец”.