Хто павінны класці асфальт у двары жылога шматпавярховага дома ў Вілейцы? На гэта набалелае пытанне віляйчан з вуліцы Талстога мы спрабавалі адказаць у адным з нумароў.

У аддзеле архітэктуры райвыканкама і ў ЖКГ нам патлумачылі, што дарогу рамантаваць жыхары дома №49 на вуліцы Талстога павінны за свае грошы. Калі ўчастак не зарэгістраваны, трэба звярнуцца ў БТІ і зарэгістраваць яго.

 Аднак старшыня кааператыва Леанід Шышпар мае сваю думку на гэты конт.

За якія грошы павінны рамантаваць асфальт? Адказ адназначны – за бюджэт горада, упэўнены Леанід Уладзіміравіч.

Гэта вызначана заканадаўствам, кажа ён, і прыводзіць такую вытрымку: “Параметры тэрыторыі пры доме – плошча, межы – адлюстроўваюцца ў кадастравым пашпарце. Калі ўчастак не аформлены адпаведным чынам, то абавязак па яго ўтрыманні ўскладзены на адміністрацыю горада”.

Улады прапануюць жыхарам зарэгістраваць участак. Але тут ёсць як плюсы, так і мінусы, перакананыя старшыня кааператыва і жыхары. Калі аформіць тэрыторыю, за яе, па-першае,  трэба плаціць зямельны падатак. Па-другое, у двары дома не павінна быць нічога, акрамя дзіцячых і спартыўных пляцовак, а таксама гаражоў для інвалідаў. І апошняе, рамонт участка, у тым ліку і дарог, становіцца абавязкам саміх жыхароў.

Ёсць і пэўныя плюсы. Напрыклад, калі ўчастак зарэгіструюць, можна абараніць двор ад незаконных пабудоў: шматпавярховак, супермаркетаў. Можна атрымліваць прыбытак за выкарыстанне ўчастка і траціць яго на рамонт дома і двара.

Вялікім недахопам, кажа старшыня, з’яўляецца тое, што зямлю можна аформіць тады, калі яе выдзеліць райвыканкам. Жыхары даведваліся кошт рэгістрацыі. Цана самой рэгістрацыі параўнальна невялікая – 200 рублёў. А цана выдзялення райвыканкамам у разы вышэйшая.

– Хочацца ўступіць у дыскусію з намесніцай дырэктара ЖКГ Нінай Сялюн і галоўным архітэктарам Вілейскага раёна Дзмітрыем Гарланавым, – кажа Леанід Шышпар.

Якім заканадаўствам кіруюцца чыноўнікі, калі кажуць пра тое, што ў нашым выпадку рамантаваць дарогу ў двары жыхары павінны за свае сродкі, пытаецца старшыня. Няўжо і пенсіянер павінны за сваю пенсію асфальтаваць тэрыторыю ля дома?

А між тым, у другім пад’ездзе дзевяць пенсіянераў і толькі адзін жыхар працаздольнага ўзросту.

Дзмітры Гарланаў: атрымліваецца, што і прыватныя надзелы ЖКГ павінна асфальтаваць?

З Нінай Сялюн я размаўляў па гэтым пытанні, кажа Дзмітры Гарланаў. Жыхары павінны былі па акце перадачы прыняць гэтыя работы: бо іх грошай палова, і бюджэтных палова. Усе працэнтоўкі ў ЖКГ ёсць. Цяпер старшыня кааператыва можа звярнуцца да старшыні раёна і разам працягнуць добраўпарадкаванне ў долі.

Калі жыхары бралі кватэры, яны плацілі за ўпарадкаванне тэрыторыі. Проста кажучы, тэрыторыю таксама куплялі. Удакладніць межы і нанесці іх на дакумент – папяровае пытанне, кажа галоўны архітэктар.

На прыватных надзелах ЖКГ павінна класці асфальт? Вядома, не. А між тым, там таксама зямля незарэгістраваная ў многіх. І нават дом не кожны.

Па словах Дзмітрыя Гарланава, ЖКГ спыніла працу па добраўпарадкаванні, калі закончыліся грошы, прапанаваныя жыхарамі як палова долі.