У снежні “Рэгіянальная газета” пісала пра тое, што маладзечанскага музыку, вакаліста і заснавальніка рэгі-гурта Botanic Project Кліма Малажавага абвінавацілі ў незаконным абарачэнні наркотыкаў і асудзілі на дзевяць гадоў.

14 лютага ў Мінскім абласным судзе разгледзелі апеляцыю абвінавачанага. Суддзя пакінуў без зменаў прысуд салісту “Botanic Project” Кліму Малажаваму – 9 гадоў за незаконнае абарачэнне наркотыкаў.

Міліцыя затрымала Кліма і ягонага сябра Канстанціна Гарачага 27 ліпеня ў Маладзечне і каля вёскі Крыніца. У іх знайшлі каля 40 грамаў гашышу і каля 17 грамаў высушанай марыхуаны.

Начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Маладзечанскага РАУС Дзмітры Сухоцкі паведамляў, што асноўным падазраваным па справе праходзіць “32-гадовы жыхар Маладзечна, заснавальнік вядомага музычнага гурта, які выконвае музыку ў стылі рэгі”. Ім аказаўся Клім Малажавы.

У выніку Канстанціну Гарачаму далі тры гады. А заснавальніка рэгі-гурта Маладзечанскі раённы суд асудзіў на 9 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.