Сам сабе начальнік, работнік і пенсійны фонд – так можна сказаць пра фрылансераў, прыватных спецыялістаў, якія адначасова выконваюць замовы ад розных кліентаў.

Часта фрылансерамі становяцца прадстаўнікі творчых прафесій – фатографы, журналісты, дызайнеры, а таксама праграмісты ці перакладчыкі.  Інтэрнэт дае магчымасць працаваць, не выходзячы з дому. Але пры гэтым такі работнік не мае стабільнага заробку, запісаў у працоўнай кніжцы і часта не плаціць падаткі.

Аб тым, як працуецца фрылансеру ў рэгіёне, “РГ” распавёў Павел, 26-гадовы спецыяліст па інтэрнэт-маркетынгу з Вілейкі.

“Праз колькі год пенсій у Беларусі можа не быць увогуле”

– На працы па адукацыі я пратрымаўся меней за два гады адпрацоўкі, –  распавядае Павел. – Перайшоў на фрыланс, бо не бачыў перспектывы ў сваёй працы інжынера.

У фрылансе малады чалавек бачыць адны плюсы.

  • Не трэба траціць час і грошы на дарогу да працы, бо працаваць можна з дому.
  • Ты сам кіруеш сваім часам і маеш вольны графік. Гэта дае магчымасць працаваць нават у вандроўках.
  • Зарабляць у Паўла атрымліваецца болей, чым на былой рабоце.

Але як жа адсутнасць выплат у сацыяльныя фонды і магчымая адсутнасць пенсіі ў будучыні?

Да таго ж мала хто з фрылансераў мае афіцыйнае працаўладкаванне, таму ледзь не ўсе “вольныя работнікі” падпадаюць пад новы дэкрэт аб “дармаедстве”.

– Перажыванняў наконт будучыні ў мяне няма, – адказвае Павел. Да пенсіі яшчэ дажыць трэба. У сям’і ніхто не капае на мазгі наконт таго, каб я шукаў “нар­мальную” работу. Яны бачаць, што я зарабляю ў 2-3 разы больш за іх і што праца мне падабаецца. А страху перад “дармаедствам” няма, бо фармальна я працую на фірме.

“У інтэрнэт-маркетынгу няма мяжы заробку”

Павел будуе свой дзень такім чынам, каб на працу прыходзілася 8-9 гадзін. Заробак фрылансера з месяца на месяц адрозніваецца. У сярэднім атрымліваецца каля 1 000 рублёў.

Малады чалавек заў­важае, што ў яго прафесіі мяжы ў заробкаў няма. Амерыканскія калегі могуць зарабляць і па сто тысяч долараў у месяц. На прасторах СНД найлепшыя спецыялісты інтэрнэт-маркетынгу маюць заробкі па 2-3 тысячы долараў. Заробак залежыць ад стажу і прафесійных ведаў.

– Паколькі цяпер я часова жыву з бацькамі і толькі шукаю найманае жыллё, то 250 рублёў аддаю бацькам – на кватэру, прадукты, інтэрнэт, – тлумачыць Павел. – Каля 100 рублёў у месяц ідзе на курсы павышэння кваліфікацыі ці кнігі. Яшчэ каля 100 – на вольны час: канцэрты ці бары. Прыкладна 50 рулёў ідзе на іншыя дробныя расходы – напрыклад, таксі ці арэнду лыжаў.

Астатнія грошы малады чалавек захоўвае і траціць па патрэбе. Заводзіць адмысловы рахунак у банку пакуль не даводзілася, грошы збіраюцца проста на картцы.

– Адкладзенымі сродкамі карыстаюся ў розных мэтах. Напрыклад, нядаўна зрабіў аперацыю на зрок, а праз месяц планую паехаць у вандроўку ў Швецыю, – дадае Павел.

“Не ўсе фрылансеры працуюць у піжаме і па начах”

Што хаваецца пад словамі “інтэрнэт-маркетынг”, у якім кампетэнтны спецыяліст можа зарабіць немалыя грошы? Павел тлумачыць, што гэта прафесія мае шмат складнікаў:

– Інтэрнэт-маркетолаг – гэта трохі праграміст, трохі маркетолаг, трохі псіхолаг. Асноўная задача – прасоўваць бізнес кліента, выкарыстоўваючы інструменты інтэрнэта. Бізнес можа быць розны: паслугі, тавары, мабільныя дадаткі, гульні. Аплата працы таксама можа выглядаць па-рознаму: часам гэта фіксаваная плата за месяц, часам працэнт ад прыбытку кліента, а бывае, і камісія ад кожнага продажу.

У фрылансераў, незалежна ад спецыялізацыі, заўсёды існуе спакуса ўвогуле не выхо­дзіць з дому, увесь дзень хадзіць у піжаме і не заглядваць у люстэрка – калі няма відэа-перамоў з кліентамі, то не так важна, як ты выглядаеш.

У гэтым плане Павел адносіць сябе да нетыповых фрылансераў.

– Я не з тых, хто працуе па начах, – кажа ён. – Прачынаюся недзе а сёмай раніцы, іду спаць каля адзінаццатай. Працую прыкладна ад 9 да 16. Потым адпачываю. Люблю выходзіць на шпацыры і займаюся спортам. Увечары яшчэ гадзінку-дзве працую і кладуся спаць.