На 28-гадовага валожынца ўзбудзілі крымінальную справу за тое, што ён размясціў на старонцы ў сацсетках парнаграфічны ролік.

Яго старонка была ў свабодным доступе для карыстальнікаў. Ролік паглядзелі 20 чалавек.

Відэа заўважылі супрацоўнікі УУС і паведамілі пра яго ў Валожынскі РАУС, які пачаў праверку. Ролік адправілі на праверку ў Рэспубліканскую экспертную камісію па папярэджанні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці. Экспертыза пацвердзіла, што відэа мае парнаграфічны змест, ненарматыўную лексіку.

Акрамя гэтага супрацоўнікі міліцыі агледзелі камп’ютар і тэлефон мужчыны, каб праверыць, ці мог ён праз гэтыя прыстасаванні паказваць ролік іншым асобам. Відэа парнаграфічнага зместу на іх не было.

За распаўсюджанне відэа парнаграфічнага характару валожынцу пагражае пазбаўленне волі ад 2 да 4 гадоў.

Мужчына разведзены, мае дзіця. Пяць гадоў жыве з жанчынай, летам яны меркавалі ажаніцца.

Пра гэта расказала старшы следчы Валожынскага раённага Следчага камітэта Юлія Селятыцкая.