Калі знойдзіце ў магазіне або нейкім грамадскім месцы грошы, не забірайце іх сабе. Па словах начальніка вілейскага Следчага камітэта Яўгена Мягкова, вас могуць абвінаваціць у крадзяжы. Таму шукайце гаспадара, нясіце ў міліцыю.

Пра гэта, відаць, не ведаў 37-гадовы жыхар Вілейкі, на якога завялі крымінальную справу па артыкуле “крадзеж”.

Вілейскі пенсіянер атрымаў у банку пенсію. Грошы, 260 рублёў, паклаў у пашпарт і пайшоў у магазін, які месціцца ў гэтым жа будынку.

Мужчына ўстаў у чаргу. Нешта набыў, разлічыўся за пакупкі і, па яго словах, грошы з пашпартам паклаў у бакавую кішэнь курткі. Калі з гэтым жа магазіне грошы спатрэбіліся яшчэ раз, ні іх, ні пашпарта ў кішэні пенсіянер не знайшоў. Таму адразу звярнуўся ў міліцыю.

Дзякуючы відэакамеры і супрацоўнікам міліцыі ўстанавілі, што грошы скраў мужчына, які стаяў у чарзе за пенсіянерам.

Па словах падазраванага, грошы з пашпартам ён не выцягнуў з кішэні, а падняў з падлогі.

Аднак гэта, па словах Яўгена Мягкова, не вызваляе ад адказнасці. Мужчыну затрымалі. Пашпарт пенсіянеру аддалі. Вярнулі і грошы. Праўда, не ўсе. Частку 37-гадовы віляйчанін ужо паспеў патраціць.

Следчы камітэт нагадвае грамадзянам, каб былі больш уважлівыя і акуратныя з грашыма.