Суд Маладзечанскага раёна прызначыў пакаранне былому загадчыку інтэрната прадпрыемства “Будаўнік-169” – 9 год калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці.

Яго сына прыгаварылі да трох год калоніі.

Прыгавор абскарджаны і апратэставаны. Ён не ўступіў у законную сілу. Апеляцыя будзе разглядацца ў судзе вышэйшай інстанцыі, які можа вынесці новае рашэнне або пакінуць яго без змяненняў. Дата разгляду пакуль не прызначаная.

Сваю віну не прызналі

Усяго Георгію М. ставілі ў віну 34 эпізоды злачыннасці. Па ўсіх суд Маладзечанскага раёна прызнаў яго вінаватым.

Нягледзячы на непрызнанне віны, суд палічыў яе даказанай сукупнасцю неаспрэчных доказаў. Сярод іншага, яго віну даказалі аўдыёзапісы перагавораў з пацярпелымі. Сына і бацьку прызналі вінаватымі ў махлярстве і падбухторванні да хабару.

Паводле прыгавору суда Маладзечанскага раёна, па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага накладання прызначаных пакаранняў канчаткова Георгію М. суд прызначыў пазбаўленне свабоды на дзевяць год з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці.

Яго сыну Артуру М. прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды на тры гады ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці.

Агульная сума шкоды паводле прыгавору – 52 тысячы рублёў.

Яшчэ суд пастанавіў спагнаць з Георгія на карысць дзяржавы больш за 19 тысяч рублёў. Канфіскацыя ўсёй маёмасці – гэта дадатковае пакаранне суда.

Сярод рэчавых доказаў справы – копіі распісак, смс-паведамленняў, копіі крэдытных дагавораў.

Георгію 55 год. Ён пацярпелы ад аварыі на ЧАЭС, мае пагашаную судзімасць.

У 1999 годзе быў судзімы па трох артыкулах: злоўжыванне ўладай ці службовым становішчам, бяздзеянне ўлады і атрыманне хабару.

Яго сыну Артуру 27 год. Працаваў тэхнікам у ЖРЭУ №4 “Камунальніка”. Мае судзімасць, якая дзейнічае, – за пад­робку дакументаў.

34 злачынствы

У некаторых з махлярскіх спраў Георгія М. фігуруе яго сын Артур. Злачынныя дзеянні, разгле­джаныя прыгаворам, адбываліся ў 2012–2016 гадах. Ён пазычаў грошы і не вяртаў, прапаноўваў быць пасярэднікам з ДАІ і перадаць ім хабар і іншае. Ніжэй пералік злачынстваў, якія прахо­дзяць па прыгаворы.

Паабяцаў дапамагчы вырашыць пытанне аб непазбаўленні правоў на кіраванне тром грамадзянам на агульную суму амаль тры тысячы рублёў. Плюс яшчэ браў грошы для дачы хабару супрацоўнікам ДАІ. За садзейнічанне ў здачы экзамену на правы ўзяў больш за адну тысячу рублёў. А пасля для дачы хабару яшчэ столькі ж.

Для пазадарожніка “Джып Гранд-Чарокі” Георгі М. пераканаў даць дэталі. Фота autoRATING.ru.

Для пазадарожніка “Джып Гранд-Чарокі” Георгі М. пераканаў даць дэталі. Фота autoRATING.ru.

Георгі М. быў сузаснавальнікам фірмы “Эдальга-99”. У 2014 годзе быццам бы рамантаваў адзін з офісаў у Маладзечне. Ад заказчыка браў грошы на будаўнічыя матэрыялы, пажарную сігналізацыю, закупку бетону, праектныя работы, бензін і пракладку водаправода – усяго больш за пяць тысяч рублёў. Патрэбныя работы не выконваў.

У магазіне аўтазапчастак злоўжываў даверам і пераканаў даць дэталі для джыпа “Гранд-Чарокі” на 214 рублёў. Праз злоўжыванне даверам завалодаў грашыма чатырох грамадзян на агульную суму больш за 5500 рублёў.
Ад верасня 2015 года Георгі працаваў загадчыкам інтэрната прадпрыемства “Будаўнік- 169”.

21 чалавеку ён паабяцаў засяліць у інтэрнат, атрымаўшы грошы на агульную суму больш за 35 тысяч рублёў. У некаторых грошы браў разам з Артурам.

Георгі М. сваю віну не прызнаў. На судзе сказаў, што грошы ад пацярпелых не браў, а навошта яны пра яго хлусяць, не ведае. Яго сын таксама не прызнаў віну.

Казаў, што мае сувязі як былы супрацоўнік ДАІ

Як мог Георгі М. пераканаць людзей, што ўпаўнаважаны вырашыць пытанні з правамі кіроўцы і здачай экзаменаў? Гэта патлумачыла старшы памочнік пракурора Маладзечанскага раёна Вікторыя Паляшчук:

– Раней Георгі М. працаваў у Маладзечанскай дзяржаўтаінспекцыі. Пераконваў пацярпелых, што захаваліся кантакты. Яму верылі.

Старшы памочнік пракурора патлумачыла, што прыгавор мог быць больш мяккім пры дзвюх умовах – добраахвотнай кампенсацыі шкоды і чыстасардэчнага раскаяння.

З сумы шкоды 52 тысяч рублёў Георгі М. да суда кампенсаваў 4 500 рублёў.