Ноччу ў Астраўцы двое маладых людзей 1989 і 1992 гадоў нараджэння, беларус і ўкраінец адпаведна, вырашылі выпіць. А месцам для гэтага выбралі аўтобус сваёй фірмы.

Як людзі ў яго патрапілі? Адказ далі кіроўцы: “Ключ з-за тэхнічнай няспраўнасці з замка запальвання не дастаецца, дзверы зачыніць не можам, таму і пакідаем тэхніку на запраўцы пад камерамі.”

У нейкі момант маладыя людзі ўсё ж такі ўбачылі ў замку запальвання ключы. Спачатку беларус сеў за руль, праехаўся па горадзе, затым вярнуў МАЗ на месца стаянкі і пайшоў дадому. А вось украінец вырашыў яшчэ пакатацца.

Але беларускай тэхніцы даць рады не змог: пры павароце ён праламаў 30 метраў раздзяляльнага плота праезнай часткі, пазней паспрабаваў развярнуцца і заграз коламі ў зямлі. А пасля пайшоў дадому.

Ужо каля пяці гадзін раніцы ад грамадзян у міліцыю паступіў званок, што на дарозе стаіць разбіты аўтобус. Супрацоўнікі міліцыі хутка разабраліся ў сітуацыі, устанавілі чыя тэхніка і хто мае дачыненне да ўгону. Узбудзілі крымінальную справу. Зараз зламыснікі затрыманыя і даюць прызнальныя паказанні.