Супрацоўнікі Смаргонскага райаддзела міліцыі па гарачых слядах раскрылі дзёрзкі разбой, які адбыўся ноччу ў райцэнтры.

Ад раніцы ў дзяжурную частку звярнулася 89-гадовая мясцовая жыхарка і паведаміла, што да яе ў дом ўварваўся злачынец. Пагражаючы сякеры, адабраў у яе і брата, з якім жанчына жыве, рублі і валюту.

Начальнік Смаргонскага РАУС Аляксандр Клімянкоў:

– Каля 4 гадзін ночы ў дом да пацярпелай пастукаўся невядомы мужчына, якому бабуля чамусьці вырашыла адчыніць дзверы. Такім чынам зламыснік апынуўся ўнутры памяшкання, дзе адабраў сякеру ў брата гаспадыні.

Дэманструючы ў руках гэтую смяротную рэч і выказваючы пагрозы пусціць яе ў ход, мужчына запатрабаваў грошай.

Жанчына перадала пакінутыя з пенсіі сорак рублёў, а яе сваяк развітаўся з больш кругленькай сумай – 200 далярамі ЗША і 10 000 расійскіх рублёў.

У ходзе праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў падазраванага ўдалося знайсці праз пару гадзін. У здзяйсненні разбою падазраецца 26-гадовы мясцовы жыхар, якога ўдалося затрымаць па месцы жыхарства. Там ён з маці піў спіртное, набытае за скрадзеныя грошы.

Таксама за іх падазраваны набыў кветкі для каханай. Частку грошаў канфіскавалі.

Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле “разбой”.