У лютым невядомы скраў трукавы ровар “ВМХ” з пад’езда дома па вуліцы Віленскай. Гаспадар атрымаў шкоду на 160 рублёў, таму што не паклапаціўся пра свой транспарт.

Прытым, што ровары – рэч каштоўная, захоўваюць іх часта зусім нядбайна. Амаль 70% крадзяжоў адбылося таму, што злодзей мог без перашкоды іх забраць.

Чаму ровары – ласы кавалак для злодзея

Часта гаспадары нядбайна ставяцца да гэтай сваёй маёмасці, пакідаюць іх, дзе папала, і ніяк не ахоўваюць. Часам пацярпелыя ставяць гэты транспарт у пад’ездзе, наіўна мяркуючы так абараніцца ад крадзяжу. А здараецца, пакідаюць ровар проста на вуліцы, нават без замка.

Нядбайнасць гаспадароў яшчэ і ў тым, што многія з іх не захоўваюць пашпарт тэхнічнага сродку, і таму не могуць даказаць, што гэта іх транспарт.

Ці варта купляць крадзены ровар

Некаторыя гатовыя купляць танныя рэчы, ведаючы, што яны кра­дзеныя. Пры такой пакупцы вы рызыкуеце развітацца з рэччу без якой-небудзь кампенсацыі.

А яшчэ вас могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці па артыкуле “Набыццё ці збыт матэрыяльных каштоўнасцяў, заведама атрыманых злачынным шляхам”.

“Нешчаслівыя” месцы для ровараў

Летась на Маладзечаншчыне скралі 57 ровараў. Пераважна кра­дзяжы адбыліся ноччу і з пад’ездаў дамоў.

Самыя “прывабныя” для злачынцаў месцы – Паўднёвы і Усходні мікрараёны Маладзечна. У Радашкавіцкім сельсавеце кралі звычайна з лецішчаў.

Маладзечанская міліцыя раіць не пакідаць ровары без нагляду на лесвічных пралётах і ў адкрытых для чужых памяшканнях.

Якая адказнасць чакае за парушэнні

За пакінутыя на лесвічнай пляцоўцы ровары прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць па артыкуле “Парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі”.

Калі вы сталі сведкай крадзяжу, просім паведаміць па нумарах: 102, (80176) 77-16-56, 77-14-88, 77-44-11.