Ці трэба чакаць тры дні, каб заявіць у міліцыю пра зніклага, чаму з дому ўцякаюць дзеці і як міліцыянеры выкарыстоўваюць верталёты і квадракоптары.

На Маладзечаншчыне штомесяц губляецца каля 19 чалавек. Пра гэта распавёў начальнік аддзялення вышуковай работы аддзела крымінальнага вышуку Маладзечанскага РАУС Юры Пятровіч.

За мінулы год у Маладзечанскі аддзел крымінальнага вышуку паступіла 229 заяў аб зніклых. Атрымоўваецца, што за месяц на Мала­дзечаншчыне знікала каля 19 чалавек. Прыкладна 3-4 чалавекі за год знайсці так і не ўдаецца.

Юры Пятровіч.

Юры Пятровіч.

Як шукаюць зніклых

Калі ў дзяжурную часць прыходзіць паведамленне пра знікненне, аператыўная група выязджае да заяўніка. Запаўняюць пратакол, збіраюць патрэбныя звесткі – прыкметы, асаблівасці. Спецыялісты аглядаюць месца і часам знаходзяць падказкі, дзе працягваць пошук.

Зрэдку пры аглядзе становіцца зразумелым, што чалавек стаў ахвярай злачынства, і пазней знаходзяць яго труп. Часам знікаюць людзі, якія вырашылі звесці рахункі з жыццём. Яны пралічваюць свае дзеянні, хаваюцца там, дзе іх не здагадаешся знайсці. Такіх выпадкаў, калі зніклага знаходзяць мёртвым, 3-4 за год.

Фота bankoboev.ru.

Фота bankoboev.ru.

А бывае, што заяўнік і не рады, што зніклы адшукаўся. Аднойчы падала заяву маці з просьбай адшукаць дачку. Міліцыянеры атарапелі, калі яна сказала, што апошні раз бачыліся больш за 20 год таму. Жанчына ў пачатку 90-х паехала ў Расію. Здавалася, цяпер канцы і не знойдзеш. Але паліцыя адказала, што яе прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Так і адшукалі. Жанчына жыла ў некалькіх сужытнікаў, не мела пэўнага месца жыхарства. Калі маці расказалі, што дачку адшукалі, удзячнай яна не была:

– Аказалася, маці вырашала свае жыллёвыя праблемы, – адзначае міліцыянер.

Якраз ішла прыватызацыя, і трэба была даведка аб смерці дачкі, якая была прапісаная ў доме. А з жывой дачкой у гэтай справе чакалі большыя клопаты, чым з загінулай.

Шукаюць зніклых верталётам і квадракоптарам

Такая цынічнасць у некаторых справах заў­сёды нечаканая, якім багатым не быў бы досвед. Але справа работнікаў аддзела – шукаць зніклых незалежна ад абставін. Каб атрымліваць лепшыя вынікі, работнікі выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі.

– У жыцці яно, вядома, не так прыгожа, як у кіно, дзе за лічаныя хвіліны знаходзяць чалавека па камерах, сігнале мабільнага тэлефона, – распавядае начальнік аддзялення. – Але за апошнія гады тэхналогіі прасунуліся. Раней трэба было ісці ў пашпартны стол, пераглядаць картатэку… Цяпер жа мы маем доступ да баз. Хаця многія з іх змяшчаюць дадзеныя не раней за 2000 год, але і гэта значны пласт. Пошук праз мабільны тэлефон прадугледжвае пэўную працэдуру, але і гэта мы выкарыстоўваем. Часам дапамагае аналіз сацыяльных сетак зніклага.

Фота БелТА.

Фота БелТА.

Гэтым маладзечанскі вышук не абмяжоўваецца. Тры гады таму разам з выратавальнікамі паспрабавалі адшукаць зніклую бабулю на верталёце. Да гэтага тры дні прачэсвалі лес каля Лазаўца, дзе, як меркавалася, яна павінна была быць.

Бабулю не знайшлі, а гушчар быў такі, што не прайсці. А на верталёце знайшлі! Тая бабуля цяпер штогод віншуе з Днём міліцыі міліцыянера, які першым яе заўважыў.

Супрацоўнікі РАУС пачалі выпрабоўваць у пошуках і квадракоптары – лятальныя апараты без пасажыраў. Хаця ёсць чаканні, што яны дапамогуць прачасаць месцы, дзе цяжка прайсці людзям, пакуль на Маладзечаншчыне яны не дапамаглі адшукаць зніклых.

Калі дзеці ўцякаюць: сядзеў і глядзеў, як гуляюць іншыя

Сярод заяў аб зніклых ёсць тыя, што патрабуюць неадкладнага рэагавання – калі знікаюць дзеці або людзі ў нямоглым стане. 

Юры Пятровіч прыгадвае выпадак, калі знікла дзіця з адной з вёсак. Міліцыянеры пачалі прачэсваць мясцовасць, а дзіця, пачуўшы, што яго шукаюць, схавалася яшчэ лепш. Праз нейкі час яго ўсё ж знайшлі. Аднойчы зніклае дзіця знайшлі на марозе – яно спала на кардонцы на вуліцы. Летась маленькая дзяўчынка пасярод ночы амаль голая ішла па вуліцы – бацькі пасварыліся і не дагледзелі яе.

Фота kp.ua.

Фота kp.ua.

З досведу міліцыянера, дзеці звычайна сыходзяць з дому, калі ім нечага не хапае.

– Цяпер для шараговай сям’і норма, калі ёсць мабільныя тэлефоны, камп’ютар ці ноўтбук, цукеркі на стале, прадукты ў халадзільніку. А калі ні прадуктаў, ні нават халадзільніка няма, вядома, дзіця бу­дзе шукаць гэтыя даброты.

Адзін хлопчык уцякаў з дому ў кругласутачны камп’ютарны клуб. Грошай ён не меў, таму проста сядзеў побач і гля­дзеў, як гуляюць іншыя.

– У гэтым плане ёсць плюс, калі клубы працуюць кругласутачна: ёсць шанец, што мы там знойдзем зніклага.

Знайшоў зніклага на караблі ля Сіцыліі

Супрацоўнікі вышуку шукаюць не толькі тых, аб чыім знікненні заяўляюць. Яны вышукваюць таксама людзей, абвешчаных у вышук судом ці судовым выканаўцам. Значная доля сярод іх – неплацельшчыкі аліментаў, прычым, і мужчыны, і жанчыны.

Большая частка тых, хто праходзіць праз вышук – людзі, чый лад жыцця не выключае знікнення. Здараецца, што жонка ці муж з’язджаюць пасля спрэчкі, забіраюць дзяцей. Сярод падлеткаў найчасцей знікаюць навучэнцы, якія не хочуць вучыцца, а дзеці больш за ўсё губляюцца на масавых мерапрыемствах. Губляюцца і сталыя людзі, у тым ліку з праблемамі з памяццю. І хаця сваякоў папярэджваюць, што пры недастатковым доглядзе гэта можа закончыцца трагедыяй, нярэдка яны губляюцца неаднаразова.

Фота Ocean-Media.su.

Фота Ocean-Media.su.

У пачатку сваёй практыкі Юрыю Пятровічу давялося адшукваць зніклага з тымі яшчэ прыгодамі. Былая жонка хацела атрымаць ад мужчыны дазвол на выезд за мяжу для іх дзіцяці. Апошняе, што пра яго было вядома, што працаваў мараком у рыбалоўным калгасе. Міліцыянер праз інтэрнэт адшукаў, што той калгас месціцца ў адной з Прыбалтыйскіх краін.

Пачаў абзвоньваць калгасы і пытацца пра зніклага. Усё было безвынікова, пакуль не звязаўся з жанчынай, якая падказала адзін з нумароў. Па тым нумары паведамілі, што так, такі марак сапраўды працуе, цяпер на судне – і далі нумар капітана. Супрацоўнік міліцыі датэлефанаваўся капітану судна, якое ў той час было каля вострава Сіцылія, і знайшоў зніклага!

“Знайдзіце маю аднакласніцу Галю”

Бывае, што да крымінальнага вышуку звяртаюцца, як да перадачы “Жди меня”. Аднойчы падала заяву бабуля прыкладна 1938 года нараджэння, прасіла знайсці яе аднакласніцу Галю.

Бабуля прыклала фотаздымак, дзе абедзвюм па 18 год, і пад­пісала: справа я, а злева – Галя. Знайдзіце!

– І пачалі шукаць. Звестак з 50-х гадоў вельмі мала, але ўсё ж атрымалася адшукаць сястру Галі. На жаль, сама жанчына на той момант ужо некалькі год, як памерла. Але заяўніца сазванілася з сястрой сваёй аднакласніцы і была вельмі задаволеная. 

Фота rodinkinakarte.ru.

Фота rodinkinakarte.ru.

У апошнія гады ў крымінальнага вышуку з’явіліся памагатыя. Актыўна працуе пошукава-выратавальны атрад “Анёл”. Часам дзякуючы неабыякавым людзям лягчэй адшукаць зніклых.

– У нас вельмі нервовая работа, шмат эмоцый і крыкаў, дзяжурствы… – дзеліцца міліцыянер. – І заўсёды вельмі прыемна, калі сваякі чалавека, якога мы адшукалі, дзякуюць нам – значыць, мы працуем з карысцю.

Што рабіць, калі знік ваш блізкі

Па старынцы некаторыя не звяртаюцца ў органы, пакуль не пройдзе тры дні пасля знікнення. Але гэта састарэлая інструкцыя – цяпер міліцыянеры шукаюць зніклых адразу.

1. Тэлефануйце ў 102, не чакаючы трох сутак.

2. Абзваніце блізкіх, сваякоў, знаёмых.

3. Агледзьце месцы, дзе можа быць чалавек: лецішча, гараж.

4. Патэлефануйце ў Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў: (8017) 390-01-99.