Але дазнаўшыся адкуль я і хто мой тата, яна нават з задавальненнем пагадзілася падзяліцца сваімі ўспамінамі пра далёкае мінулае. Ну, а чаму – даведаемся пазней.

Баба Зонька

Нарадзілася баба Зонька ў 1916 годзе ў вёсцы Дварэц Хаценчыцкай воласці. У гэтай вёсачцы яна так і пражыла ўсё сваё доўгае, поўнае трагізму, апаленае вайной жыццё. Гэта калі не ўлічваць добраахвотна-прымусовую паездку на самалётабудаўнічы завод за Урал у 1944 годзе.

Пры паляках жылося не ўсім аднолькава. Хто не баяўся працы і паставіў мэту перад сабой, меў хлеб і да хлеба. Але частыя розныя хваробы касілі людзей без разбору, ад старога да малога. Больш распаўсюджанай хваробай быў тыф.

Зонька расла моцнай, рухавай і працавітай дзяўчынкай. Скончыла чатыры класы польскай школы (навучанне было бясплатнае для ўсіх слаёў насельніцтва, незалежна ад веравызнання).

Сям’я Мікалая Кратовіча складалася з васьмі душ і жыла за кошт сваёй гаспадаркі. Яны мелі нядрэнную хату з усімі гаспадарчымі пабудовамі і чатыры з паловай гектары зямлі. Для апрацоўкі яе быў свой конь. У гаспадарцы была таксама свая малатарня і шмат іншых сельскагаспадарчых прылад, кросны. Мелася і нямала жыўнасці: дзве каровы, авечкі, свойская птушка. Гадавалі свіней і для сябе, і на здачу ў Хаценчыцы на кілбасную пані Высоцкай-Вайткевіч. За што тая плаціла злотымі.

У пані Высоцкай-Вайткевіч можна было яшчэ і падзарабіць на той самай кілбаснай альбо ў аранжарэі. Зонька са сваёй сястрой часта скарыстоўвалі такую магчымасць, што дазваляла ім папоўніць сямейны бюджэт.

Кожны год сям’я адбывала, як і ўсе, хто меў уласнага каня, панскую падзёншчыну (шараварку, рамонт і будоўлю дарог па воласці). Кіраваў гэтым валасны інжынер-будаўнік, наш знакаміты зямляк Пётра Сыч.

Соф'я Мікалаеўна Дзік.

Соф’я Мікалаеўна Дзік.

Кавалер Зонькі Ляксандра

Моладзі ў вёсцы было шмат. У вольныя часы па вечарах спраўлялі танцы, на якія заглядвалі кавалеры і з іншых суседніх вёсак. Быў і ў Зонькі кавалер з памежных Чарвякоў (цяпер Сакалоўка) Аляксандар Радкевіч (Ляксандра). Ён хоць і быў маладым, але ў акрузе пра яго гаварылі як пра добрага сталяра.

Пазнаёміліся яны ў 1938 годзе, калі Ляксандра штосьці рабіў у яе вёсцы. Слова за слова, так і завязалася сяброўства. Але вясной 1939-га Зоньчын кавалер быў прызваны на службу у польскае войска. А ўжо ў верасні таго ж года польская ўлада змянілася на бальшавіцкую. Гэта змена ў вёсцы адбылася неяк ціха, без ніякіх стрэлаў, гвалту ды насілля, што нельга казаць пра суседнія вёскі.

Прыход савецкіх вайскоўцаў

Савецка-польская мя­жа пралягала ў вярсце на ўсход ад Дварца. Яе польскія жаўнеры пакінулі яшчэ надвячоркам 16 верасня. А на досвітку наступнага дня з боку панышоўскай польскай стражніцы, у накірунку Хаценчыцаў, паходным маршам пацягнуліся шарэнгі савецкіх вайскоўцаў. Калона рухалася паміж Дварцоў і Рабцамі. Усе жыхары гэтых вёсак высыпалі са сваіх хат да той дарогі, каб падзівіцца на войска.

Без пагонаў ды з анучамі на нагах замест ботаў, бальшавіцкае войска мела выгляд хутчэй арыштантаў, чым вайскоўцаў. Жыхары спачатку з усмешкай назіралі за вайсковай калонай.

А пасля таго, як у аднаго з чырвонаармейцаў разматалася ануча на назе, а вайсковец, які ішоў за ім, наступіў на яе, з-за чаго спрацаваў прынцып даміно, бо ў адну кучу адразу завалілася чалавек сем, устрымацца ад смеху было ўжо немагчыма. Калона спынілася, а на ўсё наваколле разляцеўся рогат і салдат, і жыхароў. Але прыгоды на гэтым не скочыліся.

Калі да іх вярхом на кані пад’ехаў каман­дзір, чырвонаармейцы з “кучы-мала” пачалі хуценька падымацца. І ў гэты момант пры спешцы ў аднаго з вайскоўцаў выпадкова стрэліла трохлінейка і прама пад ногі жарабцу. Той ад перапалоху падняўся на дыбы і скінуў верхавога. У нейкі момант стала ціха, а пасля, як усе ўбачылі, што ніхто не пацярпеў, рогат падняўся яшчэ мацней.

Незапланаваны вайсковы прывал абарваўся ў адну хвіліну пасля таго, як у гутарку да вайскоўцаў пачалі ўмешвацца мясцовыя жыхары на польскай мове. Для чырвонаармейцаў гэта быў гром з яснага неба. Смех раптам сціх. Твары ва ўсіх сталі сур’ёзнымі. Камандзір, гучна мацюкнуўшыся, аддаў загад станавіцца ў калону і закамандаваў: “Ш-а-а-гам марш!”

Жыццё пры новай уладзе

Па прыходзе бальшавікоў і пакуль іх не змянілі немцы, Дварэц жыў спакойна. У калгасы не зганялі, раскулачванняў не было, рэпрэсій таксама. Ажно да самай вайны ў вёску ніхто не заглядаў. Нават помнік пану Пілсудскаму, які стаяў пасярод вёскі, не закранулі ажно да пасляваеннага часу.

Хаценчыцкі пан Вайт­кевіч дзесьці знік, ніхто не ведаў, дзе ён падзеўся. А жонка яго пані Высоцкая-Вайткевіч і іх агароднік Раноў­скі (Жырыноўскі) заставаліся яшчэ тут доўгі час. Працавала панская кілбасная і аранжарэя.

Але ўжо перад самай вайной гаспадарка па­чала развальвацца, і пані Высоцкая-Вайткевіч з’ехала дзесьці пад Варшаву. А агароднік, на сваю бяду, застаўся жыць у яе маёнтку і ўжо праз год пасля пачатку вайны быў расстраляны партызанамі пад Дварцом, быццам бы за сувязь з немцамі.

Вайна Гітлера і Сталіна супраць панскай Польшчы скончылася ў лічаныя месяцы. Дварэц тым часам жыў сваімі звычайнымі клопатамі.

Ляксандра – бацька аўтара гэтага артыкула

Ужо ў лістападзе дадому пачалі вяртацца жаўнеры-беларусы з разбітага ўшчэнт польскага войска. Вярнуўся ў свае Чарвякі дзесьці з-пад Беластока і сябра Зонькі Аляксандр Радкевіч. Вярнуўшыся ўзімку 1940 года з вайны, Ляксандра пачаў усё часцей і часцей наведвацца ў Дварэц да сваёй сяброўкі. Сустрэчы ў маладых пачалі перарастаць ў моцнае каханне. Але лёсам ім было наканавана зноў развітацца.

Аляксандра Радкевіча новая ўлада паставіла перад выбарам: альбо ГУЛАГ, альбо добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Аляксандр выбраў апошняе. 15 верасня 1940 года Ільянскім райваенкаматам ён быў прызваны на вайсковую службу і накіраваны на Далёкі Усход у сапёрна-будаўнічую часць. Пасля вайна. Эшалон, які вёз Аляксандра на абарону Смаленска, пад Ярцавым разбамбілі немцы. Раненне. Год шпіталя.

У 1943 годзе, як былому жаўнеру польскага войска, а значыць, польскаму шпіёну артыкул №58 адмерыў восем год ГУЛАГа. Спрабаваў патрапіць у армію Андэрса, але нацыянальнасць “беларус” не дазволіла гэтай мэты дасягнуць. Выйшаў на волю ў 1951 годзе, калі яго дома ўжо ніхто не чакаў, у тым ліку і Зонька.

Не дачакаўшыся толькі пару год без вестак зніклага свайго каханага, яна выйшла замуж за мясцовага хлопца. І Аляксандр з’ехаў у Літву. Там сустрэў на 12 год маладзейшую за сябе дзяўчыну са Смаленшчыны.

У 1953-м пажаніліся, а ў 1954 годзе нарадзілася ў іх дачушка Галя. А праз тры гады, у 1957 годзе, Бог ім паслаў сына, аўтара вось гэтых радкоў. А пасля яшчэ двух хлопчыкаў і дзяўчынку.

Вось такая цікавая гісторыя, якая дапаўняе і мой сямейны гістарычны архіў, у якую я не зусім верыў, слухаючы старую. Але пацвяр­джэнне Зоніным расповедам з’явіліся зусім нечакана і выпадкова ў 2015 годзе. Падчас рамонту бацькоўскай хаты, за абразом пад шпалерамі, быў знойдзены фотаздымак майго таты ў мундзіры жаўнера польскага войска. Пры жыцці тата пра службу у польскім войску нічога не расказваў. За выключэннем не вельмі значных выказванняў, на падпітку. Кожны раз толькі казаў, што калі менш ведаеш – мацней спіш.