Адно з сучасных захапленняў моладзі – BMX. Даслоўна гэта абрэвіятура азначае “веласіпедны мотаэкстрым”. Экстрэмальнае велаваджэнне ўпершыню з’явілася ў 70-х гадах ХХ стагоддзя ў Амерыцы, а з 2008 года ВМХ-рэйс лічыцца алімпійскім відам спорту.

Прагулка – выдатны занятак, каб вырвацца з сусветнага павуціння пад назвай “Інтэрнэт”. Ты шпацыруеш па “Брадвеі”, у слухаўках гучыць любімая музыка, а ў галаве лунаюць думкі: як жа добра вакол, які ж прыгожы наш парк з дарожкамі, невялікімі вадаёмамі. Горад ажывае, калі на вуліцу выходзіць моладзь: гутараць, іграюць на гітары, спяваюць, танцуюць і не толькі.

Вы б толькі бачылі, якія “выкрутасы” на веласіпедах могуць вырабляць нашы юныя маладзечанцы! Скачкі, павароты і кулькі на “жалезным кані” прымушаюць мінакоў заміраць у захапленні. 

Адным з яркіх прадстаўнікоў моладзевай культуры, якая мае назву ВМХ, з’яўляецца Антон Каўбаска, адзінаццацікласнік гімназіі №7 горада Маладзечна. Ён у “сядле” ўжо тры гады. Пачынаў з самых простых, а цяпер у яго арсенале больш за 100 трукаў, і іх становіцца ўсё больш. Не стаяць на месцы, а паступова рухацца наперад дапамагае прыклад каліфарнійскіх райдэраў Stevie Churchill, Brandon Begin, Dillon Lloyd, Chad Kerley і многіх іншых.

Сапраўдным асам Антон з’яўляецца ў такім кірунку, як street-riding. Для выканання трукаў ён выкарыстоўвае лаўкі, прыступкі, дахі, поручні і г.д. Каб бачыць прагрэс у катанні, дзяліцца досведам і захоўваць відэа на памяць, юнак завёў свой канал на YouTube.

Веласіпеды для гэтага віду спорту адрозніваюцца ад звычайных. У іх палегчаная і нізкая рама, невялікія колы, а руль можа паварочвацца больш чым на 360 градусаў. Адно з галоўных адрозненняў – геаметрыя, якая дазваляе размяркоўваць нагрузку.

Антон Каўбаска.

Антон Каўбаска.

– Многія пытаюцца, для чаго патрэбныя тыя ці іншыя прылады ў маім ровары. Да прыкладу, адмысловыя ўпоры для ног (пегі) мы выкарыстоўваем для выканання трукаў або для таго, каб слізгаць па паверхнях прадметаў, – тлумачыць Антон. – Некаторыя думаюць, што на ім нязручна перасоў­вацца па вуліцах. Я скажу, што па горадзе на ім наадварот хутчэй, таму што дзе-небудзь можна скараціць, пераскочыў­шы праз перашкоду, не трэба спыняцца перад бардзюрамі і г. д. На маім веласіпедзе няма тармазоў, але я ўжо прывык і цалкам кантралюю сітуацыю на дарозе.

Першым турнірам, у якім Антон прыняў ­удзел і адразу атрымаў перамогу, быў міжнародны праект Game Of BIKE Online. Арганізатары з Расіі выбралі чатырох удзельнікаў, і кожны па чарзе прыдумваў для сапернікаў трукі, якія яны павінны былі паўтарыць на працягу дваіх сутак.

Затым было яшчэ шмат дыстанцыйных конкурсаў, але больш за ўсё ўражанняў пакінуў BMX кантэст Little Belarussion Woodward у сувязі з адкрыццём летась скейт-парку ў Мінску.

– Рэальныя гледачы, іх падтрымка, абсталяваная пляцоўка, і толькі дзве спробы для манеўру – вось гэта было відовішча! Не чакаў, што займу першае месца ў сваёй катэгорыі, – успамінае Антон.

У родным горадзе ў юнака шмат аднадумцаў. Бо катанне – не толькі вучыць трукі, гэта і зносіны, і паездкі, і новыя знаёмствы. Юнакі імкнуцца катацца разам, дзеляцца досведам і мараць пра скейт-парк. А яшчэ іх усіх аб’ядноўвае здаровы лад жыцця, бо ВМХ – гэта спорт, які развівае фізічна і духоўна.