Мядзяльчанін падчас распівання спіртных напояў вырашыў пажартаваць з сябра.  Для гэтага ўзяў ружжо, накіраваў яго ў бок таварыша, які стаяў насупраць, і шчоў­кнуў спускавым кручком. Сябар загінуў на месцы здарэння.

20 красавіка суд Мядзельскага раёна разгледзеў крымінальную справу па частцы 1 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (наў­мыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця другога чалавека (забойства).

Падчас судовага пасяджэння абвінавачаны прызнаў сваю віну. Расказаў, што быў у сяброўскіх адносінах з загінулым. 2 студзеня ў сем вечара яны выпівалі. На наступны дзень раніцай прыехалі ў вёску Куцькі, дзе набылі спіртное і выпілі. Каля чатырох дня вярнуліся дамоў, дзе працягвалі піць. Спрэчак і канфліктаў паміж мужчынамі не было.

Падкідаючы ў топку дровы, абвінавачаны звярнуў увагу на сваё ружжо, якое знаходзілася каля печкі. Вырашыў пажартаваць з сябра: навесці на яго ружжо і шчоўкнуць спускавым кручком. Адлегласць ад дульнай часткі ствала да мужчыны была не больш за два-тры метры.

Перад стрэлам мужчына не праверыў, ці зараджанае ружжо. На су­дзе расказаў, што патрон, якім яно было зараджанае, раней сам снарадзіў карцеччу і ўставіў у ружжо ў апошніх чыслах снежня 2016 года – хацеў застрэліць лісу, якая прыходзіла да дома.

Выстрал прыйшоўся пацярпеламу ў галаву. Смерць наступіла на месцы здарэння.

Пра правілы абыхо­джання з ружжом і яго захаваннем быў знаёмы, бо праходзіў тэрміновую службу ў арміі, ведаў, што зброю нельга накіроўваць на чалавека. Забіваць таварыша не  хацеў.

Прыгаворам суда Мядзельскага раёна мужчына прызнаны вінаватым у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця іншага чалавека (забойстве).

Санкцыя дадзенага артыкула прадугле­джвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 6 да 15 гадоў.

З улікам асобы абвінавачанага і ступені грамадскай бяспекі здзейсненага ім злачынства, абставінаў здзяйснення злачынства, станоўчай характарыстыкі па месцы жыхарства і работы яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 7 гадоў 6 месяцаў у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Таксама ў адносінах да абвінавачанага прымененыя прымусовыя меры бяспекі і лячэнне ад хранічнага алкагалізму па месцы адбывання пакарання.

Паводле старэйшага памочніка пракурора Мядзельскага раёна юрыста другога класа Таццяны ВЯЖЭВІЧ-ДЗЕМІДЗЕНКІ.