Калі бацькі не толькі любяць сына ці дачку, але і жадаюць ім быць паспяховымі, то абавязкова будуць вучыць гуляць у шахматы.

У гэтым упэўнены маладзечанец Віталь Качаткоў (на фота) – майстар спорту міжнароднага класа па шахматах, музыкант, спявак, бізнесмен і бацька траіх дзяцей. Гэтай вясной ён выдаў кнігу задач па шахматах для пачаткоўцаў “Мат у адзін ход”. А для таго, каб гэтай разумнай гульні не баяліся нават тыя, хто не ведае назвы фігур, мы запрашаем павучыцца разам з “РГ”.

Але ў першую чаргу Віталь Качаткоў крыху раскажа пра тое, чаму менавіта шахматы – гэта так важна:

– Я паглядзеў сёння, што на адну вакансію чарга ў 107 чалавек. Ведаеш, што за вакансія? Вартаўніка. Хіба хтосьці з бацькоў не хацеў бы, каб іх дзеці заўсёды перамагалі? І я ўпэўнены, што шахматы дапамагаюць выхаваць дзіця здольным раскласці любую лагічную задачу, а ў будучым стаць непераможным у канкурэнтнай барацьбе. У Швецыі і многіх школах ЗША шахматы – агульнаадукацыйны прадмет.

Віталь Качаткоў. Фота russianshanson.info.

Віталь Качаткоў. Фота russianshanson.info.

Дарослыя ведаюць, як лянота нечым заняцца. А дзецям яшчэ больш лянота!

Таму я раю клапатлівым бацькам вы­дзеліць 15-20 хвілін у дзень на тое, каб займацца з дзецьмі шахматамі. Рашайце па задачы ў дзень – і праз некалькі месяцаў вы дакладна заўважыце вынік таго, што ўклалі ў сына ці дачку. Галоўнае, займацца разам і сістэматычна. Прадстаўнікі любога сілавога спорту паважаюць шахматы.

Таму што нішто так не развівае логіку, як гэта гульня. У іерархіі барацьбы шахматы заўсёды на вышыні.

Напрыклад, у хакеі далёка не ўсё робіцца на лёдзе. Яшчэ адзін прыклад павагі да шахмат – гэта тое, што званне міжнароднага майстра спорту па шахматах з’яўляецца абгрунтаваннем для паступлення ў Гарвард на бясплатнае.

Паверце мне, бацьку траіх дзяцей, што вучыць дзяцей шахматам – адзін з найважнейшых унёскаў у паспяховую будучыню сына ці дачкі.

Саму кнігу са 180 задачамі можна набыць у крамах “Белкнігі”, а таксама ў сетцы “Белсаюздруку”. Аўтар кажа, што ў кнізе ёсць, як мінімум, дзве памылкі. Калі вы іх знойдзеце, звяжыцеся з рэдакцыяй “РГ”. Аўтар абяцае вам падарунак за пільнасць!

Задача №1 з кнігі Віталя Качаткова “Мат у адзін ход”

Калі вы дашляце адказ на задачу да 24 мая на адрас regionnews@rh.by, то паўдзельнічаеце ў розыгрышы кнігі “Мат у адзін ход”.