– Ад 9:00 да 12:00 былі толькі два званкі, – распавядае пра работу “прамой лініі” ў суботу, 20 мая, намесніца старшыні Савета дэпутатаў Таццяна Цітуленка.

На яе думку, з надыходам цёплых дзён віляйчане сталі менш актыўна тэлефанаваць са сваімі пытаннямі на “прамую лінію”, бо пачаўся дачны сезон.

Напэўна, агародамі займаліся ў суботу, мяркуе Таццяна Чаславаўна, таму тэлефанаваць не было калі.

З якімі ж праблемамі ўсё ж патэлефанавалі жыхары Вілейкі?

У першага было пытанне да службы ЖКГ. Зацякае ў дом, таму хацеў даведацца наконт рамонту.

Другі чалавек меў пытанне да службы абароны спажыўцоў. Яго цікавіла, ці павінны пакупнік плаціць у магазіне за тую рэч, якую выпадкова скінуў з прылаўка і сапсаваў.

– І адно, і другое пытанне не ў маёй кампетэнцыі, кажа Таццяна Цітуленка. – Аднак падчас “прамой лініі” грамадзянін можа звярнуцца да кіраўніка абсалютна з любым пытаннем.

Калі чыноўнік не можа адказаць, бо праблема не датычыцца яго службовых абавязкаў, ён перадае пытанне ў адпаведную службу.

Вусны зварот запісваюць на рэгістрацыйна-кантрольную карту. Тут пазначаюць дадзеныя чалавека, які звярнуўся, а таксама дату, кароткі змест праблемы і арганізацыю, якой накіруюць зварот.

Карткі перадаюць у “Адно акно” райвыканкама. Там кожную сітуацыю павінны ўзяць на кантроль і адказаць на пытанне грамадзяніна.