Пачалося другое судовае пасяджэнне над настаўніцамі сярэдняй школы №11 за смерць 13-гадовай васьмікласніцы Вікторыі Папчэні, якая загінула падчас уборкі бульбы пад Маладзечнам.

Настаўніцу французскай мовы Вольгу Завадскую і настаўніцу фізікі Ірыну Апанасевіч абвінавачваюць у тым, што яны несумленна выконвалі абавязкі, не забяспечылі бяспеку, не нагадалі дзецям, як паводзіць сябе на полі. Не здзейснілі належны кантроль, пакінулі дзяўчынку на полі без догляду. Настаўніцы цалкам прызналі сваю віну. Пацярпелыя не маюць іскавых прэтэнзій да іх.

Настаўніцы адзначылі на судзе, што не ведалі, што едуць на бульбу ў рамках акцыі “Дапамажам сабраць ураджай”, думалі, што проста так, потым ім патлумачылі.

Усяго ў момант здарэння, 29 верасня, працавалі на ўборцы бульбы чатыры школы, з кожнай па 20 чалавек і па два настаўнікі.

Сёння суд выклікаў сведку начальніка Мала­дзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Дзяніса Томашава.

Калі на полі загінула 13-гадовая дзяўчынка, спецыяліст устанаўліваў, ці былі працоўныя адносіны. Для гэтага вывучаў дакументацыю ў школе. Калі сакратар у школе адкрыў электронную пошту, там быў ліст, каб накіравалі вучняў дзясятых класаў.

– Праз гадзіну пасля трагедыі я папрасіў загад у школе, – расказвае Дзяніс Томашаў. – Мне далі два аркушы, на якіх былі подпісы Апанасевіч і Завадскай. Але, калі я гутарыў з імі, настаўніцы сказалі, што гэта не іх подпісы.

Пасля трагедыі працягнулі ўбіраць бульбу

Настаўнік фізкультуры Палачанскай школы Аляксей Шлойда быў у дзень трагедыі таксама з дзецьмі на полі. Для гэтага быў загад, папярэдне правялі інструктаж. Аднак дакументаў, як паводзіць сябе на полі, з сабой не было.

Як машына наехала на дзяўчынку, настаўнік не бачыў,  быў у метрах сарака ад месца здарэння.

– Моманту наезду не бачыў, хоць машына была і спераду ад мяне, не звяртаў на яе ўвагі, – патлумачыў мужчына. – Я падбег першы, за мной хутка пабеглі настаўніцы.

У арганізаваную калону настаўнік дзяцей не збіраў, адзначыў, што шмат ездзіў на бульбу і ніколі так не рабіў.

Пасля трагедыі працу па ўборцы бульбы працягнулі.

Спіс тых, хто паедзе на бульбу, фарміравалі па жаданні

Класны кіраўнік Вікторыі Папчэні Наталля Шаціла адзначыла, што напярэдадні прыйшлі ў яе клас і сталі набіраць дзяцей на бульбу, рабілі гэта па жаданні.

– Пасля гэтага я пайшла на ўрок, – узгадвае настаўніца. – Потым пагутарыла з дзецьмі, як паводзіць сябе на полі, аднак не па распараджэнні, а па ўласнай ініцыятыве.

Аб трагедыі класны кіраўнік даведалася ад настаўніцы фізікі Ірыны Апанасевіч.

Калі запісвалі прозвішчы тых, хто паедзе на бульбу, у настаўніцы запыталіся пра новую вучаніцу Вікторыю Папчэню. Настаўніца патлумачыла, што Вікторыя Вуткіна памяняла прозвішча. 

Дырэктар школы №11: “Акцыя была ўнесеная ў план”

Дырэктар 11 школы Аляксандр Люльковіч ад 14 верасня быў у адпачынку, таму не ведаў, што дзяцей адпраўляюць на бульбу. Пра трагедыю ён дазнаўся ад начальніцы аддзела адукацыі спорту і турызму Іны Драпезы.

Аляксандр Люльковіч адзначыў, што пяць-шэсць гадоў дзеці з яго школы не  ездзілі на бульбу, а да гэтага ездзілі шмат, і васьмікласнікі ў тым ліку.

Дырэктар расказаў, што акцыя “Дапаможам сабраць ураджай” была унесеная ў план. 

Дакументы складалі пасля трагедыі

Галіна Пішчык на момант трагедыі займала пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце школы №11. Займала гэту пасаду 30 гадоў. Цяпер з пасады намесніка дырэктара звольнена, працуе настаўніцай.

– Я заўсёды выконвала абавязкі дырэктара, калі той быў у адпачынку, – тлумачыць сведка. – Але і мае абавязкі ніхто не адмяняў. 28 верасня ў 8:42 патэлефанавалі з аддзела адукацыі і сказалі, што трэба адправіць людзей на бульбу. Адказала, што едуць нашы тэхработнікі. Мне сказалі, што трэба 20 школьнікаў дзясятых класаў.

Спецыяліст перанакіравала заданне Дзянісу Курцу, які працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, як вельмі адказнаму спецыялісту, сказала, каб ён паглядзеў загад на электроннай пошце і сабраў вучняў дзясятых класаў.

Пра тое, што едуць васьмікласнікі Галіна Пішчык не ведала, дазналася пра гэта толькі пасля трагедыі.

Дзяніс Курэц і паведаміў ёй пра здарэнне, разам яны паехалі на поле, дзе медыкі сказалі, што зрабілі ўсё магчымае, аднак дзяўчынку не ўдалося выратаваць.

Калі абвінаваўца запытаўся ў настаўніцы: “Ніякіх  дакументаў не складалася перад тым, як адправіць дзяцей на бульбу?”

Настаўніца патлумачыла, што яны складаліся ўжо пасля.

Пасля трагедыі Галіна Пішчык пыталася ў настаўнікаў, чаму ёй не сказалі, што едзе восьмы клас. Яны адказалі, што не хацелі турбаваць, бо ведалі, што ў яе шмат спраў.

Дрэнна памятае падзеі верасня 2016 года

Дрэнна памятае падзеі верасня 2016 года сведка Дзяніс Курэц. Да трагедыі ён працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце школы №11. Цяпер працуе настаўнікам.

– Я даручыў педагогу-арганізатару сабраць дзяцей, бо была праверка, – тлумачыць спецыяліст. – Яна не магла сабраць вучняў дзясятых класаў, накіраваў яе ў 11-ы, потым у восьмы класы. Пасля праверкі пагутарыў з дзецьмі пра тэхніку бяспекі.

Пра ўзрост дзяцей настаўнік не ведаў дакладна.

Наконт таго, ці казаў Галіне Пішчык, што на бульбу едуць васьмікласнікі, спецыяліст сказаў, што хутчэй не, і ўвогуле дрэнна памятае падзеі верасня 2016 года. Інструктаж праводзіў неафіцыйна.

План выхаваўчай работы складаў Дзяніс Курэц. Наконт таго, ці была акцыя “Дапаможам сабраць ураджай” у плане, спецыяліст адказаў, што хутчэй за ўсё так, аднак план можа дапрацоўвацца яшчэ ў пачатку верасня.

– Дзявятыя, дзясятыя, адзінаццатыя класы былі занятыя на дні самакіравання, – патлумачыў сведка. – Узялі восьмы “а” клас, бо там ціхія, паслухмяныя дзеці. У рамках акцыі дазвалялася браць дзяцей з восьмага па 11 класы, і нічога не было сказана пра ўзрост.

Пра тое, што ад бацькоў патрэбная пісьмовая згода на накіраванне дзяцей на бульбу, настаўнік даведаўся пазней.

Аб’яўлены перапынак да 14:15.