У 19 гадоў ён адкрывае танцавальную студыю, здымае кліпы, піша песні,  ­удзельнічае ў шматлікіх творчых конкурсах, а самае галоўнае – ніколі не здаецца і ажыццяўляе сваю мару.

Таленавіты юнак з Гомеля Дзям’ян Заіка сёлета прадставіў Смаргонь на фестывалі-конкурсе “Адна зямля” і атрымаў спецыяльны прыз ад “Рэгіянальнай газеты”. Цяпер ён праходзіць тэрміновую слу­ж­бу ў Смаргоні, таму выступаў ад гэтага горада.

Думаў, што не зможа пець

Юнак з пяці гадоў звязаў сваё жыццё з музыкай. Яшчэ ў дзіцячым садку выкладчыца па вакале параіла займацца ў музычнай школе, сям’я так і зрабіла.

– Мяркую, што мама (Ірына Тарасікава) была самым шчаслівым чалавекам ад гэтых слоў, – усміхаецца Дзям’ян. – Яна сама марыла стаць спявачкай, аднак жыла ў вёсцы, дзе не было музычнай школы. Калі трапіла ў горад, зразумела, што позна пачынаць. Таму, калі я пачаў пець, падтрымлівала, заахвочвала.

У 12 гадоў хлопец скончыў дзіцячую музычную школу №1 імя Чайкоўскага ў Гомелі. Усё б было добра, калі б не адно але.

– Якраз у гэтым узросце пачалася “ломка голасу”, – расказвае Дзям’ян. – Пачаў сталець, і голас станавіўся больш нізкім. Перажываў, што не змагу больш пець. Каля чатырох гадоў увогуле не спяваў. Танцы сталі той аддушынай, якая дапамагла не ўпасці ў роспач.

Хлопец займаўся ў студыі тэатра і танца “Liveнь”, якую паспяхова скончыў, актыўна ­ўдзельнічаў і перамагаў у танцавальных конкурсах, такіх як “Рытмы 21 стагоддзя”, “Танцавальны выбух”, Bizon open Cup, Must Dance, Project 818. 

Паступова юнак па­чынае пець і заяўляе ўсёй краіне і не толькі пра свой голас. Ён ­удзельнічае ў разнастайных праектах, сярод якіх “Бітва хароў”, “Голас краіны”, New open, “Гарады, якія спяваюць”, “Акадэмія талентаў”, “Танцуюць усе” і іншыя.

– Найбольш запамінальным быў праект “Хачу да Меладзэ”, – расказвае Дзям’ян. – Мне патэлефанавалі арганізатары і запрасілі на кастынг у Мінск, які я паступова прайшоў і паехаў для далейшага ўдзелу ў Маскву. Аднак не атрымалася прабіцца ў фінал. Песня, якую далі для выступлення, не пасавала мне. Аднак удзел прынёс каласальны досвед працы на вялікай сцэне, падарыў упэўненасць у сваіх сілах. І падарыў пачуцці, якія словамі не выкажаш.

Пасля арміі пачне рыхтавацца да “Еўрабачання”

У 2015 годзе Дзям’ян спрабаваў трапіць на “Еўрабачанне” з правакуючай песняй I’m Sick. У хлопца быў рэальны шанец паехаць на конкурс. Аднак патрэбная была спонсарская дапамога для далейшага ­ўдзелу, на той час у артыста не было такой магчымасці.

Маладзён расцэньвае гэта як шанец лепш падрыхтавацца. Гэтым ён і плануе заняцца пасля таго, як скончыць службу ў арміі.

Адкрыў танцавальную студыю ў 19 гадоў

Дзям’яна можна назваць паспяховым бізнесменам. У 19 гадоў юнак са сваёй дзяўчынай Настассяй Разанавай вырашылі адкрыць танцавальную студыю ў Гомелі. Першы час справа ішла вельмі цяжка, бо патрэбныя былі грошы на адкрыццё – прыйшлося пазычаць у знаёмых, дапамог і бацька Настассі.

Шчасцю маладых людзей не было межаў, калі праз тры месяцы студыя пачала акупляцца і прыносіць даход.

– Бацька часта мяне ўпэўніваў, што творчасцю шмат не заробіш, лепш заняцца сур’ёзнай справай, – расказвае Дзям’ян. – Аднак я змог даказаць і яму, і самому сабе, што справа, якая табе па душы, можа прыносіць не толькі задавальненне, а яшчэ і прыбытак. Спадзяюся, што мой прыклад можа стаць штуршком іншым  маладым людзям, якія выбіраюць паміж справай па душы і дастаткам, не адмаўляцца ад сваёй мары і пераадольваць перашкоды. Так вы прынесяце больш карысці.

Як прызнаецца хлопец, у рабоце без спрэчак нікуды – у яго розныя музычныя густы, таму, калі рыхтуюць танцавальныя нумары, рыхтуюцца знімаць кліп, спрачаюцца. Згодай з’яўляецца стварэнне музычных міксаў.

У танцавальнай студыі маладыя людзі вучаць сучасным танцам, напрыклад, vogue, hip-hop , jazz funk.

Пелі складаныя песні, аднак не пранеслі іх праз душу

Фота Галіны Судніковіч.

Фота Галіны Судніковіч.

Фота Галіны Судніковіч.

Фота Галіны Судніковіч.

Пакуль юнак служыць у арміі, кіруе студыяй Настасся. Перад тым, як пайсці ў армію, Дзям’ян меркаваў, што трэба будзе забыцца на музыку, прыйдзецца спяваць толькі армейскія песні. Аднак жыццё падрыхтавала прыемны сюрпрыз. Юнак трапіў у памежныя войскі ў Смаргоні, дзе ацанілі яго творчыя здольнасці, ён стаў членам аркестра Смаргонскай памежнай групы. Разнастайныя канцэрты, якія прахо­дзяць у вайсковай часці, даюць магчымасць спяваць разнастайныя песні.

Менавіта ў вайсковай часці хлоцу і прапанавалі паўдзельнічаць у фестывалі-конкурсе “Адна зямля”.

Напярэдадні мерапрыемства Дзям’яна чакаў іспыт – у хлопца балела горла, размовы пра конкурс не магло і ісці. Аднак хваробу ўдалося перамагчы.

Падрыхтоўка ішла ўсяго тыдзень. Дапамагалі рыхтавацца афіцэры, якія кіруюць аркестрам, давалі прафесійныя парады. На конкурсе Дзям’ян выканаў дзве песні – лірычная “Лодка белая” і правакацыйная Lost Bray.

– У першай кампазіцыі хацелася паказаць, што адбываецца ў мяне ўнутры, – расказвае артыст. – Другая песня Lost Bray – гэта правакацыя для залы, гэта запал энергіі, у нейкай ступені хацелася павесяліць гледачоў, журы, паказаць, наколькі разнастайным магу быць.

Вельмі ўразіла юнака выступленне віляйчанкі Вікторыі Саванец, сіла яе голасу, эмацыйнасць, пранікнёнасць.

– Іншыя ўдзельнікі пелі дастаткова складаныя ў тэхнічным выкананні песні, – дае ацэнку Дзям’ян. – У песнях удзельнікі прадэманстравалі сілу свайго голасу, яго магчымасці. Аднак часам падавалася, што за прыгожым голасам няма ўсведамлення таго, што выканаўца разумее сэнс песні, не прапусціў кампазіцыю праз сваю душу. А гэта важна, каб унутраны настрой спевака і песні супадалі, каб былі блізкія. Таму не магу цалкам пагадзіцца з рашэннем журы.

Родныя Дзям’яна пакуль не змаглі раздзяліць з ім радасць перамогі і нават не ведаюць, што сын сярод фіналістаў, бо ён не размаўляў яшчэ па тэлефоне –  служба не дазваляе.

Фота Галіны Судніковіч.

Фота Галіны Судніковіч.