Сёння, 12 ліпеня, было апошняе судовае пасяджэнне над настаўніцамі за смерць 13-гадовай Вікторыі Папчэні, якая загінула падчас уборкі бульбы пад Маладзечнам.

Нагадаем, што настаўніцу фізікі Ірыну Апанасевіч і настаўніцу французскай мовы Вольгу Завадскую абвінавачвалі ў неналежным выкананні сваіх абавязкаў па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя вучаніцы восьмага класа падчас выканання сельскагаспадарчых работ, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзяўчынкі.

Мама загінулай Юлія прасіла не пазбаўляць настаўніц свабоды і працы, муж падтрымаў яе. Да матэрыялаў справы далучаныя хадайніцтвы  ад прафсаюза і з 11 школы за змякчэнне пакарання настаўніцам, за Апанасевіч і Завадскую  гатовыя паручыцца, прасілі не пазбаўляць свабоды і не забараняць быць настаўнікамі. За Вольгу Завадскую хадайнічалі бацькі 10 “А” класа, прасілі пакінуць яе класнай.

Паводле прысуда, настаўніцам забаранілі на два гады працаваць педагогамі, штраф для кожнай 100 базавых велічынь (2300 рублёў) на карысць дзяржавы і тэрмін два гады, не звязаны з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу.