Жыхары вёсак Мільча, Заброддзе і Даўгінава на Вілейшчыне апошнім часам з асцярогай ходзяць у лес па ягады і грыбы. Прайшла пагалоска пра тое, што каля гэтых вёсак ёсць ваўкі, якія не баяцца падыходзіць да чалавечага жытла. 

Бачыў іх мясцовы паляўнічы непадалёк ад Мільчы, аднак хутка драпежнікі сышлі. Расказвалі пра ваўкоў і жыхары Даўгінава, забрадчане не бачылі, аднак ціха пабойваюцца і перадаюць чуткі адзін аднаму.

Мільчане расказваюць, што зімой ваўкоў было пяць. Іх часта бачылі каля вёскі, непадалёк ад фермы. Аднак паляўнічыя застрэлілі драпежнікаў. Пасля гэтага ўсё супакоілася. А нядаўна заўважылі яшчэ чатырох.

Людзі адзначаюць, што шкоды яны пакуль не нарабілі, аднак тое, што дзікія жывёлы не баяцца падыходзіць блізка да людзей, становіцца небяспечным.

Яшчэ жывая ў памяці вяскоўцаў гісторыя, якая адбылася ў лютым ў Кобрынскім раёне. Тады ваўкі трымалі ў страху жыхароў прыгранічнай вёскі Павіцце. Яны загрызлі некалькі сабак, а мясцовыя жыхары баяліся цемнатой выходзіць на вуліцу. Як адзначалі мясцовыя, нават мужчыны, якія выпівалі, перасталі з-за страху.

Прычынай таго, што драпежнікі падыходзяць блізка да вёскі, мільчанцы бачаць у тым, што жывёлам не хапае ежы ў лесе, а таму шукаюць яе побач з людзьмі.

Не даём драпежнікам сваволіць

Сітуацыю патлумачыў начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Нацыянальны парк “Нарачанскі” Аляксандр Ярашэвіч. За гэтай установай замацаваныя лясы вышэйпералічаных вёсак.

– Да гэтага часу нам не паступала сігналаў ад мясцовых жыхароў, што ваўкі падыходзяць блізка да населеных пунктаў, – адзначыў спецыяліст. – Аднак, калі такое здараецца, людзі могуць тэлефанаваць у аддзел паляўнічай гаспадаркі па нумары (801797) 4-51-05 альбо асабіста мне на мабільны (8029) 1023283. Будуць накіраваныя спецыялісты, якія зробяць усё магчымае, каб гарантаваць людзям спакой.

Аляксандр Сяргеевіч расказаў, што і летась, і сёлета прымаліся ўсе неабходныя меры, каб не даваць драпежнікам сваволіць.