Як гэта, калі зіма доўжыцца дзевяць месяцаў? Сакрэты выжывання лю­дзей, якія жывуць у мясцовасці, дзе слупок тэрмометра апускаецца да мінус 50. Наколькі смачныя сырыя рыба і мяса?

Каб даведацца, здзейснім завочнае падарожжа ў Якуцію разам з Вольгай Новікавай. Жанчына 23 гады пражыла ў горадзе Нерунгры, а шэсць гадоў таму пераехала ў Маладзечна.

– Калі пачалося будаўніцтва БАМа, многія людзі імкнуліся з’ехаць, каб падзарабіць, – расказвае Вольга. – Мае бацькі не былі выключэннем. 35 гадоў таму (1982 год) яны паехалі ў Якуцію з маёй старэйшай сястрой Людай і пасяліліся ў горадзе Нерунгры. Я ўжо нарадзілася там.

Бацькі Вольгі Аляксандр і Людміла Новікавы ў 1982 годзе паехалі ў Якуцію падзарабіць, там яна і нарадзілася. Фота забяспечанае Вольгай Новікавай.
Бацькі Вольгі Аляксандр і Людміла Новікавы ў 1982 годзе паехалі ў Якуцію падзарабіць, там яна і нарадзілася. Фота забяспечанае Вольгай Новікавай.

Бацькі Вольгі не планавалі надоўга заставацца: падзаробім – і вернемся.  Аднак засталіся на 30 гадоў: у 90-х распаўся Савецкі Саюз, грошы абясцэніліся, не было з чым вяртацца.

– Колькі сябе памятаю, наша сям’я жыла марай: яшчэ крышачку – і вернемся на радзіму, – узгадвае жанчына. – Бацькі нават павучалі: «Ты не выходзь замуж, можа, хутка пераехаць давядзецца».

Час, які Вольга пражыла ў Якуціі, лічыць адным з лепшых, з вялікай цеплынёй узгадвае.

Лепш пераносіла -50, чым беларускія -15

Фота забяспечанае Вольгай Новікавай.

Якуція настолькі вялікая, што мясцовыя жыхары жартуюць, быццам на іх плошчы змесцяцца тры Францыі. Таму клімат у населеных пунктах істотна адрозніваецца.

У Якуцку больш лёгкі, зіма толькі чатыры месяцы, затое надзвычай суровая, слупок тэрмометра апускаецца да мінус 60. У сяле Аймякон даходзіць да мінус 72. У Нерунгры мінус 50 лічыцца нормай. Калі ж ніжэй, да -60, гэта ўжо актыраваны дзень: дзеці не ходзяць у школу, а ў пасёлку Ціксі забаронена працаваць жанчынам.

– Зіма ў Нерунгры цягнецца дзевяць месяцаў: ужо 1 верасня па­чынае ісці снег, узмацняюцца маразы – і так да чэрвеня, – тлумачыць Вольга. – Вясны і восені амаль няма – хутка праходзяць. Чэрвень можна лічыць вясеннім месяцам, пасля працяглай зімы дрэвы раптоўна пакрываюцца зелянінай. Жнівень, нібы во­сень, хутка жаўцее і ападае лісце. Ліпень – летні месяц: паветра праграваецца да +40. За месяц паспяваеш загарэць. Купаюцца толькі сапраўдныя маржы, бо вада, як лёд. Цячэнне вельмі хуткае, а гэта яшчэ і небяспечна. Аднойчы я пакупалася, падалося, тысячу іголак упіліся ў цела. Смеласць далася мне запаленнем лёгкіх.

Як прызнаецца жанчына,  мінус 50 яна пераносіла лягчэй, чым мінус 15 беларускія. Першую зіму, як пераехала ў Мала­дзечна, вельмі мерзла, выхо­дзіла на вуліцу і здавалася, што вось-вось задыхнецца. З часам прывыкла, але менш мерзнуць не стала. Уся справа ў паветры: у Якуціі яно больш сухое, а ў Беларусі – вільготнае, таму маразы больш адчувальныя.

Аднак жанчына адзначае, што апошнім часам клімат памяняўся і ў Якуціі: цёплая восень часцей назіраецца.

– Калі мне было 17 гадоў, Новы год у Нерунгры запомніўся тым, што было надзвычай цёпла, мінус 8, – усміхаецца Вольга. – Людзі хадзілі ў кофтах, байках.

Фота забяспечанае Вольгай Новікавай.
Фота забяспечанае Вольгай Новікавай.

У горадзе ёсць гарачая мінеральная крыніца. На вуліцы мінус 50, а зойдзеш у крыніцу – гарачыня разліваецца па целе. Але купаюцца ў пясцовых шапках, каб галава не замерзла падчас працэдуры. Крыніца лічыцца гаючым месцам, таму купаюцца абавязкова. Адзіны мінус тое, што выдзяленні серавадароду маюць не вельмі прыемны пах.

Туман, ад якога можна памерці

Калі паветраны ціск зімой падае, горад патанае ў тумане. Пры гэтым ён настолькі густы, калі руку адставіць, не ўбачыш яе. Дрэнна робіцца людзям, падаецца, што ў лёгкіх не хапае паветра, некаторыя трацяць прытомнасць. Ёсць небяспека, бо калі ўпа­дзеш, цябе не змогуць знайсці і выратаваць, пакуль не рассеецца туман.

Зімой небяспечныя і паездкі з аднаго горада ў другі. Па-першае, таму што населеныя пункты далёка адзін ад аднаго. Напрыклад, ад Якуцка да Нерунгры каля 800 кіламетраў, дабрацца цяжка, чыгункі няма.

Таму, калі Вольга вучылася там, прыязджала да бацькоў два разы на год: на Новы год і летам.

Па-другое, калі ў дарозе зламалася машына, чалавеку нічога не застаецца, як ісці пешшу альбо сядзець на месцы – а гэта верная гібель. Калі не было мабільных, такія выпадкі здараліся.

Дызельных машын у гарадах няма праз вялікі мароз, толькі бензінавыя. Няма і трамваяў, тралейбусаў.

Тое, што напалюеш, зімой і будзеш насіць

Ілюстрацыйнае фота. Фота MirVkartinkah.Ru.
Ілюстрацыйнае фота. Фота MirVkartinkah.Ru.

– Аднак вечная мерзлата для жанчын мае прыемны бонус,– расказвае Вольга. –  Усе хо­дзяць у надзвычай дарагіх уборах: натуральныя футры, шапкі. На ногі своеасаблівы абутак – унты. Гэта нешта накшталт валёнак, толькі з аленевай шкуры. Уверсе яны ўпрыгожаныя разнастайным арнаментам, абшытыя бісерам. Такі абутак вельмі практычны. Па-першае, не намакае, не намярзае. Калі ступіць у ваду, ногі мокрымі не будуць, усё сцячэ па поў­сці.

У Беларусі жанчыне адзін раз прыйшлося надзець унты. Калі гуляла з малым дзіцем, ад вялікай вільготнасці ногі мерзлі, унты ратавалі ад холаду.

Дабываюць футра на зімовыя ўборы мясцовыя жыхары самастойна. Асноўны занятак – паляванне.

– Смешна было, калі аднойчы ў магазін прывезлі футра з егіпецкай норкі, – з усмешкай распавядае Вольга. –  Матэрыял настолькі тоненькі, што мясцовыя жыхары проста б не выжылі ў такім уборы пры мінус 50.

Сонечнымі зімнімі днямі з’яўляецца мода на сонечныя акуляры. Без іх проста немагчыма выйсці, сонца, якое адбіваецца ад снегу, проста не дае расплюшчыць вочы. Мясцовыя жыхары над гэтым часта жартуюць: вось таму ў нас і вузкія вочы, каб нешта бачыць на дарозе.

– Выходзячы на вуліцу зімой, жанчыны не карыстаюцца касметыкай, – адзначае Вольга. – У памяшканні туш і цені пацякуць, бо вейкі пакрываюцца інеем. Таму фарбуюцца толькі ў памяшканні. Гэта звычка жыве ў мяне і цяпер.

Завешвалі вокны коўдрай, каб паспаць

Асобнай тэмы заслугоўваюць ночы ў Якуціі. Летам наступаюць белыя ночы. Відаць усё, як днём. У іх сям’і вокны завешвалі коўдрай, каб заснуць. А зімой шчасціць убачыць палярнае ззянне.

– Аднойчы бачыла яго, калі была ў Якуцку, – шчасліва распавядае Вольга. – Аднак гэта было несапраўднае палярнае ззянне. Неба гарэла зялёным і жоўтым колерамі. Сапраўднае палярнае ззянне мае ўсе колеры вясёлкі і нават адценні.

Фота yaplakal.com.

У познім жніўні наступае зоркапад, жаданне можна загадваць ледзьве не кожную хвіліну.

– Прыехаўшы ў Беларусь, было адчуванне, што неба знаходзіцца амаль над галавой, – кажа ўсхваляваная жанчына. – Здавалася, што паднімі руку ў неба – і дастанеш да аблокаў. У Якуціі неба высока-высока, недзе там, у космасе.

Чаму некаторыя жанчыны ў Нерунгры нараджаюць раней тэрміну?

Вакол населеных пунктаў – тайга. Таму нярэдкія выпадкі, што мядзведзі часам падыходзяць да людскога жылля. Тады выклікаюць паляўнічых.

– У Нерунгры ра­дзільня знаходзіцца на ўскраіне горада, – расказвае Вольга. – Некаторыя парадзіхі палохаліся, калі бачылі мядзве­дзя, таму нараджалі раней тэрміну.  Драпежніка стараліся хутчэй злавіць, каб ніхто не пацярпеў. Бо смерць ад яго лапы – страшная. Жывёла доўга мучыць ахвяру.

Навучыліся вырошчваць бульбу за месяц

Фота Svoimi-Rykami.ru.
Фота Svoimi-Rykami.ru.

Напэўна, самай жахлівай навіной для многіх беларусаў будзе тое, што ў Якуціі няма агародаў, бо лета доўжыцца толькі месяц. Аднак самыя апантаныя агароднікі навучыліся вырошчваць бульбу, агуркі і іншую гародніну за месяц.

– Вырошчваюць арктычныя сарты, – тлумачыць Вольга. – Ёсць спецыяльны інстытут, які вынаходзіць такія. Аднак і бульба, і агурочкі, якія вырастаюць, вельмі маленькія.

Сельская гаспадарка развіваецца толькі ў паў­днёвых частках Якуціі, дзе клімат больш спрыяльны для вырошчвання разнастайных культур.

З дрэў растуць пераважна сосны, елкі, кедры, таксама ёсць таполя і бяроза. Ні клёнаў, ні пладаносных дрэў няма, таму цэны на фрукты, садавіну шалёныя. Напрыклад, дазволіць паласавацца клубніцамі могуць толькі самыя багатыя.

Фрукты прывозяць з Кітая, аднак яны не смачныя, вадзяністыя, таму асаблівага жадання іх каштаваць у мясцовых жыхароў няма. Затое лясы вельмі багатыя на грыбы і ягады: бружмель (жимолость), марошку, брусніцы, дурніцы.

Дапамагаюць адзін аднаму, каб выжыць у суровым краі

– Вечны холад, адсутнасць агародаў даюць магчымасць людзям заняцца самаадукацыяй, развіваць культуру, – расказвае Воля. – Першы час, калі прыехала ў Беларусь, чула воклічы: “Вось ты з тундры прыехала!” Аднак не трэба думаць, што людзі там, акрамя снегу, нічога не бачаць. Наадварот, шмат сіл укладаюць у адукацыю, вывучаюць культурную спадчыну розных краін свету, іграюць на музычных інструментах.

У характары якутаў жанчына адзначае спакойнасць, ураўнаважанасць.

Пры гэтым вельмі развітая каманднасць па вядзенні спраў.

–  Людзі дапамагаюць адзін аднаму, бо ведаюць, што ў суровым краі аднаму складана выжыць, – расказвае Вольга. – У Беларусі адваротная сітуацыя: кожны сам па сабе, у большасці людзі жывуць толькі сваімі праблемамі.

Яшчэ адна асаблівасць, якую Вольга заў­важыла ў беларусах, калі пераехала, што мужчыны вельмі ашчадныя і эканомныя, у Якуціі – больш шчодрыя. Выслоўі кшталту: “Плачу за ўвесь рэстаран” – гэта дакладна пра якуцкую шчодрасць.

– Насельніцтва Нерунгры вельмі стракатае, – адзначае былая жыхарка Якуціі. – Лю­дзі з’язджаліся з розных краін свету і заставаліся. Якутаў налічваецца каля 20%. Доўгі час якуцкую мову не чула, пакуль побач з намі не пасяліліся гэтыя людзі.

«Правядзеш рукой па мэблі, а яна ў залатым пыле»

У кожным  горадзе Якуціі нешта здабываюць: у горадзе Мірны – алмазы, у Алдане і Аймяконе – золата,  ёсць 48 месцаў, дзе здабываюць вугаль, адно з іх у горадзе Нерунгры, у пасёлку Усць-Нера – сурму.

– Калі была маленькая, часам на летніх канікулах прыязджала ў Беларусь да сваякоў, – узгадвае Вольга. – У мяне пыталіся, ці сапраўды ў нас здабываюць золата? Канешне, мне, маленькай дзяўчынцы, хацелася, каб у Беларусі думалі, што ў нас гэтак жа класна, як і тут. Таму расказвала байку, якую сама прыдумвала.

Гаварыла, што сапраўды ў нас здабываюць золата, і калі вечарам прыйсці дадому і рукой дакрануцца да стала альбо іншай мэблі, то рука будзе ў залатым пыле.

Аднак на самой справе ў горадзе Нерунгры здабывалі вугаль адкрытым спосабам, а не ў шахтах. Таму пыл быў па ўсім горадзе. Ён ляцеў праз вокны з драўлянымі рамамі. І правёўшы рукой па шыбе, яна станавілася чорнай ад вугальнага пылу. Цяпер праблему часткова вырашылі пластыкавыя вокны.

Струганіна і сырое мяса з соллю – лепшы ласунак для якута

Фота you-journal.ru.
Фота you-journal.ru.

У ежу якуты любяць ужываюць сырыя стравы: струганіну – сырую рыбу, якую трэба запіваць спе­цыяльнымі алкагольнымі напоямі; сырое і марожанае мяса, якое мачаюць у соль. Сырую печань каніны даюць дзецям з самага ранняга ўзросту.

– Адзін раз мяне па­частавалі сырым мясам, – дзеліцца жанчына. – Аднак асалоды не атрымала, пасля дрэнна было. Таму ўпэўнілася ў тым, што трэба харчавацца тым, да чаго прывучаны з самага маленства. Затое ў інтэрнаце давялося пакаштаваць фаршыраванага карася з рысам, такога смакоцця ніколі ў жыцці не ела.

Бацька Вольгі быў паляўнічым, таму частай стравай дома была аленіна.

– Гэта настолькі далікатнае мяса, што словамі не перадаць, трэба каштаваць, – наганяе апетыт жанчына. – Мядзведжае мяса бацька заўсёды аддаваў на праверку, бо гэта жывёліна хварэе на тыя ж хваробы, што і чалавек. А вось аленіну можна не правяраць, лічылі, што гэта мяса не можа быць шкодным для чалавека.

Галоўнае, чаму навучыла жыццё ў Якуціі, – непераборлівасці, прыстасаванасці да розных умоў жыцця, дзейнічаць у экстрэмальных умовах, падагуліла былая жыхарка Нерунгры.

Ілюстрацыйнае фота. Фота ngs.ru.
Ілюстрацыйнае фота. Фота ngs.ru.

• Текст доступен на языке: Русский