Суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да генеральнага дырэктара ААТ “Маладзечанскі завод металаканструкцый” і яго намесніка па эканоміцы і фінансах, паведамілі БелТА ў прэс-службе Вярхоўнага суда.

Гендырэктар асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Намеснік асуджаная да 6 гадоў з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

У абаіх канфіскуюць маёмасць і пазбавяць права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў.

З абвінавачаных будзе спагнана ў салідарным парадку на карысць ААТ “Будмаш” ў кошт пакрыцця шкоды, нанесенай злачынствам, больш за Br51 тыс.

Злачынныя дзеі абвінавачанымі былі здзейсьнены яшчэ ў 2015 годзе падчас працы ў ААТ “Будмаш” у Мінску. Аднак стала вядома аб іх толькі тады, калі яны ўжо займалі пасады на Маладзечанскім заводзе металаканструкцый. Як паведамлялася, на працягу практычна года ў афіцыйныя дакументы прадпрыемства ўносіліся загадзя ілжывыя звесткі, тым самым скажаліся даныя дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці.

Пасля падпісання дакументы з улікам папярэдняй дамоўленасці з гендырэктарам накіроўваліся ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, а таксама ў галоўнае статыстычнае ўпраўленне Мінска. Тым самым абвінавачаныя пераследавалі карыслівую і іншую асабістую зацікаўленасць. Гаворка ішла аб атрыманні прэмій і ўзнагародаў пры адсутнасці на тое падстаў.