Аварыя адбылася 19 жніўня ў 17.25 паблізу дома №45 па вуліцы Савецкай у вёсцы Дамашы, што на Маладзечаншчыне.

За рулём аўтамабіля “Фольксваген” знаходзіўся 24-гадовы маладзечанец. Хлопец рухаўся ў бок Маладзечна па крайняй левай паласе. Па правай паласе побач ехаў трактар.

Кіроўца трактара пасля растлумачыў супрацоўнікам ДАІ, што бачыў, як па правай абочыне ехала веласіпедыстка. Перад пешаходным пераходам яна злезла з ровара і стала пераходзіць дарогу пешшу. Кіроўца трактара, вядома, знізіў хуткасць і прапусціў жанчыну.

Але як толькі веласіпедыстка выйшла з-за трактара, адбыўся наезд. 55-гадовую маладзечанку збіў «Фольксваген”, жанчына ўпала.

Кіроўца аўтамабіля ехаў з хуткасцю каля 40-50 кіламетраў у гадзіну і амаль спыніўся, ударыўшы па тармазах.

Да месца аварыі выязджала хуткая дапамога. Жанчыну шпіталізавалі ў бальніцу з траўмай пазваночніка.

Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.

– Кіроўца “Фольксвагена”  быў цвярозы, – расказаў “Рэгіянальнай газеце” дзяржаўтаінспектар Маладзечанскай ДАІ Сяргей Бартош.