24 красавіка двое непрацуючых жыхароў Талачына, 30 і 26 гадоў, праязджалі  на аўтамабілі мястэчка Івянец, сустрэлі 30-гадовага мясцовага жыхара. Шляхам падману завабілі мужчыну ў аўтамабіль і супраць яго волі вывезлі ў лясны масіў.

У двух прыезджых мужчын у гэты дзень у Івянцы скралі мабільны тэлефон і ім падалося, што любы мясцовы жыхар можа ведаць, хто мог да гэтага спрычыніцца.

У лесе, беспадстаўна збіваючы пацярпелага, нападнікі хацелі даведацца эту інфармацыю. Пасля чаго аблілі яго дызельным палівам і запалілі  запальнічку. Пагражалі тым, што спаляць, калі не даведаюцца, хто скраў іх тэлефон.

Мужчына, спужаўшыся, назваў проста імя чалавека.  

Пасля таго, нападнікі пасадзілі пацярпелага ў аўтамабіль і адвезлі ў пасёлак.

Жыхарка Івянца бачыла, як яе знаёмага пасадзілі ў машыну, яна і выклікала міліцыю.

Затрыманым прад’явілі абвінавачванне па ч. 3 арт. 182 (выкраданне чалавека) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і ў дачыненні да іх прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.

– Затрыманым пагражае ад 10 да 15 год зняволення, – расказала “Рэгіянальнай газеце” следчая Валожынскага РАСК Аксана Сагадзін.