На атрыманыя ад Еўрасаюза грошы віляйчане зладзяць праект па далейшым развіцці роварнага руху ў раёне.

– Усяго на гэты конкурс ад Вілейкі падавалі чатыры заяўкі: дзве – ад райвыканкама і дзве – ад “ЗОВіКа”, – распавяла “РГ” старшыня арганізацыі “ЗОВіК” Таццяна Цітуленка. – Выйграла адна з нашых заявак, якую распрацоўваў віляйчанін Яўген Івашкевіч.

Па словах Таццяны Чаславаўны, у “ЗОВіКу” новаму праекту далі рабочую назву “Велапакатушкі”.

У яго межах распрацуюць карты роварнага руху, на якіх пазначаць маршруты, па якіх лепш з розных канцоў Вілейкі даехаць да цэнтра горада. Карты размесцяць на інфармацыйных стэндах, якія ўстановяць на вілейскіх вуліцах.

А яшчэ ў межах праекта аб’явілі конкурс слоганаў для гарадскіх аўтобусаў. У кароткай фразе неабходна пераканаць віляйчан больш карыстацца роварам і грамадскім транспартам і менш ездзіць на аўтамабілі.

Пераможца чакае прыз. А вялікія налепкі са слоганам упрыгожаць некаторыя вілейскія аўтобусы.