Сёлета ў вілейскім парку адкрылі скульптуру маці, а крыху раней тут з’явілася пляцоўка для варкаўтынгу.

Таксама ў парку, толькі ў кіеўскім, ад жніўня запрацавала шыкоўная пляцоўка “Жыццялюб” для адпачынку сталых людзей. А на Храшчаціку паставілі лаўкі для падзарадкі гаджэтаў.

На беразе Вілейскага вадасховішча мінулым летам упершыню зладзілі вялікі фэст юшкі, а на беразе Дняпра ў Кіеве перыядычна праводзяць выставы, фестывалі і канцэрты. Для гэтага тут ёсць цудоўная артгалерэя.

Як сярод знаёмых і незнаёмых людзей неабыякавыя актывісты і мясцовыя ўлады ў невялікім беларускім гарадку і ў сталіцы Украіны знаходзяць грошы на добрыя справы? І хто яны, гэтыя шчодрыя грантадаўцы і фундатары?

Клуб “Жыццялюб” ад кіеўскага алігарха

Гарык Карагоцкі вырас у Кіеве ў старажытным раёне Падол. Цяпер ён адзін з самых уплывовых украінскіх бізнесменаў.

– Гарык эпатажны, паспяховы, аўтар кнігі “Як патраціць мільён”. У горадзе яго ведаюць і любяць, – распавядае выканаўчы дырэктар клуба “Жыццялюб” Дзмітры Заражэўскі.

Некалі Гарык прыйшоў у парк, каб пагля­дзець, як бавяць час яго бацькі-пенсіянеры. Карцінка не радавала. Закінуты кінасад, так сабе танцпляцоўка. І правады, нацягнутыя на дрэвы. Ад чаго то палкае танга выключаецца на самым цікавым месцы, то нечакана гасне святло.

І вось пяць год таму Гарык Карагодскі заснаваў дабрачыннае таварыства “Жыццялюб”. Мастакі і дызайнеры на валанцёрскіх пачатках пачалі ствараць крэатыўную пляцоўку для сталых людзей.

На танцпляцоўцы клуба Жыццялюб. Фота Аксаны Ярашонак.

На танцпляцоўцы клуба Жыццялюб. Фота Аксаны Ярашонак.

З’явіліся арыгінальныя клумбы, яркія крэслы-качалкі, прыгожыя свяцільнікі, добраўпарадкаваная танцпляцоўка, экран для прагляду кіно на адкрытым паветры.

Не сядзелі без справы і самі пенсіянеры. Актыўна расчышчалі закінутыя тэрыторыі, прыносілі з кватэр старыя рэчы, якімі аздаблялі сваю пляцоўку. Па іх словах, тады зразумелі простую ісціну: хочаш жыць на пенсіі весела – закасвай рукавы і працуй.

У клубе Жыццялюб усё проста і цікава. Фота Вольгі Астаповіч.

У клубе Жыццялюб усё проста і цікава. Фота Вольгі Астаповіч.

Усё атрымалася. Аднак першапачаткова адміністрацыя парку і некаторыя пенсіянеры ўспрынялі ініцыятыву Гарыка ў штыкі. Думалі, што алігарх хоча “захапаць” іх пляцоўку.

А ў выніку атрымалася, што тыя ж пенсіянеры маюць цяпер сваю прастору. Да таго ж, дзякуючы партнёрам і валанцёрам, цалкам бясплатную.

Віллянін хутар – ад актывістаў, фантан – ад мясцовых улад

Ёсць чым сёння пахваліцца і Вілейцы. Віллянін хутар, моладзевы скейт-парк, пляцоўка для заняткаў гімнастыкай на свежым паветры, новыя веласцяжыны. Усё гэта, на думку былога галоўнага архітэктара Вілейшчыны Галіны Кажарновіч, вынік працы ініцыятыўных людзей.

Пляцоўка для варкаўтынгу ў Вілейцы.

Пляцоўка для варкаўтынгу ў Вілейцы.

Помнік, прысвечаны падзеям 1812 года, ля дарогі Вілейка-Мала­дзечна ўстанавілі дзякуючы актыўнасці Ула­дзіміра Ліхадзедава. Сёння сюды прыязджаюць французскія і поль­скія дэлегацыі.

Адкрыццё фантана ў Вілейцы – гэта ўжо ініцыятыва мясцовых уладаў.

– Хацелася, – кажа Галіна Іосіфаўна, – прывабіць людзей на гарадскую плошчу. Доўгі час яна была пустой, і віляйчане ўспрымалі яе толькі як месца правя­дзення парадаў.

Вырашылі, што жыхароў найбольш прывабіць вада. І не памыліліся.

Ля вілейскага фантана. Фота Аксаны Ярашонак.

Ля вілейскага фантана. Фота Аксаны Ярашонак.

Але паступова з плошчы маладыя людзі “перайшлі” на скейт-пляцоўку. Былі задумы на яе месцы зрабіць зону для чытання на свежым паветры. Або зладзіць пляцоўку для прагляду фільмаў.

Але намеснік дырэктара вілейскага Палаца культуры Вольга Шляпо адчула, што маладым людзям трэба нешта іншае. Яна стала аўтарам і кіраўніком стварэння скейт-парку ў горадзе, выйграўшы грант ЕС/ПРААН.

– Галоўнае, – захапіць людзей сваёй ідэяй. І тады ўсё атрымаецца, – дзеліцца рэцэптам поспеху кіраўнік таварыства “ЗОВіК” Таццяна Цітуленка.

Дзякуючы пад­трымцы Еўрасаюза ў Вілейцы чысцяць раку, развіваюць роварны рух, будуюць дзіцячыя пляцоўкі, ла­дзяць фестывалі.

Падчас Юшка-фэсту. Фота Аксаны Ярашонак.

Падчас Юшка-фэсту. Фота Аксаны Ярашонак.

Раздаюць галоўную страву фэсту – юшку. Фота Аксаны Ярашонак.

Раздаюць галоўную страву фэсту – юшку. Фота Аксаны Ярашонак.

 А ў вёсках Вілейшчыны з’яўляюцца сельскагаспадарчыя кааператывы і развіваецца экалагічнае земляробства.

А як актывісты заахвочваюць кіяўлян

Грамадскія актывісты Кіева таксама могуць захапіць сваёй ідэяй гараджан. Ініцыятыў у сталіцы Украіны ажыццяўляецца каля 500.

Напрыклад, сёлета вясной на Абалоні ўрачыста адкрылі парк Наталка. Старажытнае ўрочышча хацелі забудаваць, аднак грамадскія актывісты выступілі супраць. У выніку гарадскія ўлады іх пачулі. І сёння парк Наталка – адно з любімых месцаў для адпачынку і фотасесій гараджан.

Сем гектараў зямлі добраўпарадкаваныя і дагледжаныя. Тут новыя сцяжынкі для пешаходаў і раварыстаў, крэатыўныя клумбы, дзіцячыя пляцоўкі, новыя сметніцы.

У кіеўскім парку Наталка. Фота Solomenskiy.info.

У кіеўскім парку Наталка. Фота Solomenskiy.info.

Дзякуючы дзейнасці ўсё тых жа актывістаў на беразе Дняпра ў Кіеве размясцілася галерэя “АртПРЫЧАЛ”. Тут ла­­­­­д­зяць выставы, фестывалі, канцэрты, кірмашы.

Лавачкі для падзарадкі гаджэтаў і сметніцы, якія самі спальваюць смецце, – вынік сумеснай працы актывістаў і Кіеўскай гарадской рады.

Як распавяла грамадская актывістка Марыя Грышчанка, штогод у бюджэце горада ёсць пэўная частка грошай, якую ўлады трацяць на ажыццяўленне ініцыятыў актывістаў.

Добраўпарадкаванне горада – гэта перш за ўсё вынік ініцыятывы людзей. Грошы – паняцце другаснае, перакананая былы галоўны архітэктар Вілейшчыны Галіна Кажарновіч. І гэтае выказванне аднолькава падыходзіць і для Кіева і для Вілейкі.